Падчас праграмы на радыё «Мінск» старшыню Менскага гарвыканкаму Ўладзімера Кухарава спыталі аб тым, ці зьявяцца ў сталічным мэтрапалітэне паказальнікі на расейскай мове, піша агенцтва «Мінск-Навіны».
«Цяпер праводзім гэтую працу на прыпыначных пунктах. Адначасова яе не зрабіць празь вялікі аб’ём. Пытаньне адпрацоўваем сістэмна. У адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам мы яго ўрэгулюем», — сказаў Кухараў.
Чакаецца, што ў менскім мэтро зьменяць паказальнікі зь беларускай лацінкай, трансьлітарацыю выканаюць паводле новых правілаў, зацьверджаных пастановаю Дзяржаўнага камітэту маёмасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мовазнаўцы» ў пагонах. Чым лацінка не дагадзіла ЛукашэнкуАдмяніць «Інструкцыю ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі літарамі лацінскага альфабэту» дамагаліся прарасейскія актывісткі Вольга Бондарава і Юлія Дударэнка. Улады некалькі месяцаў працавалі над зьменамі.
Дзяржаўны камітэт маёмасьці прыняў рашэньне 24 сакавіка, дакумэнт апублікавалі 4 красавіка. Пастанову ўзгаднілі МУС, МЗС, Міністэрства культуры і Акадэмія навук Беларусі.
Трансьлітарацыю цяпер можна рабіць і з расейскай мовы. Такім чынам, новы дакумэнт зацьвердзіў інструкцыю, паводле якой цяпер мусіць адбывацца трансьлітарацыя геаграфічных назваў зь беларускай і расейскай на іншыя мовы. Створана табліца, якая ўніфікуе перадачу беларускіх і расейскіх гукаў лацінскай графікай. Так, беларускі фрыкатыўны гук Г патрабуецца перадаваць лацінскай літарай G, якая азначае выбухны гук, як у расейскай. Літару «ж» трэба перадаваць як «zh», «ч» — як «ch», «ш» — як «sh». Беларускую літару «ў» перадаюць як «w».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўны камітэт маёмасьці скасаваў беларускую лацінку ў трансьлітарацыі геаграфічных назваў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку