Як піша МЗС Беларусі, афіцыйную дэлегацыю ўзначаліць міністар замежных справаў Сяргей Алейнік. Ён мае намер «садзейнічаць асноўным намаганьням» у «задачах прасоўваньня парадку дня, які падкрэсьлівае мірны характар нацыянальных прыярытэтаў» Беларусі.
На сэсіі Генэральнай асамблеі ААН запрашаюць кіраўнікоў дзяржаваў, але Аляксандар Лукашэнка не паедзе ў Нью-Ёрк. Вядома, што Расею на сэсіі прадставіць кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.
19 верасьня на сэіі мае выступіць прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
У праграме візыту Алейніка ў Нью-Ёрк чакаецца ягоны выступ на агульнапалітычнай дыскусіі сэсіі ГА ААН, удзел у сустрэчы міністраў замежных справаў дзяржаваў— чальцоў АДКБ. Выступ Алейніка з трыбуны ААН плянуецца 23 верасьня. Афіцыйная беларуская дэлегацыя будзе ў Нью-Ёрку з 19 па 24 верасьня.
17–23 верасьня Нью-Ёрк наведае Сьвятлана Ціханоўская, у праграме візыту якой таксама заплянаваны ўдзел у падзеях Генэральнай асамблеі ААН. У Нью-Ёрку ў Ціханоўскай заплянаваныя сустрэчы з палітычнымі лідэрамі і міністрамі замежных справаў шэрагу дзяржаваў. Чакаецца, што таксама яна возьме ўдзел у арганізаванай дэлегацыяй Эўразьвязу пры ААН дыскусіі на тэму незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падчас візыту ў ЗША Ціханоўская возьме ўдзел у цырымоніі ўручэньня Зяленскаму прэміі Global Citizen Awards