Украіна заявіла пра вызваленьне Кляшчэеўкі каля Бахмута. Экспэрты патлумачылі, чаму гэта важна

Падчас баёў за Кляшчэеўку, верасьня 2023

Сяло амаль цалкам разбурана ў выніку баёў.

Украінскія вайскоўцы заявілі аб вызваленьні сяла Кляшчэеўкі на поўдні ад Бахмута. Крывавыя баі ішлі некалькі месяцаў.

Паведамленьні аб узяцьці сяла зьявіліся яшчэ раніцай у нядзелю. Пасьля іх пацьвердзіў кіраўнік прэс-службы Ўсходняй групоўкі войскаў капітан Ільля Еўлаш у камэнтарыі для «Ўкраінскай праўды», а таксама брыгада паліцыі «Лють».

Апублікавана і відэа з украінскімі байцамі ў сяле.

Кіраўнік Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак таксама апублікаваў фота з вайскоўцамі ў Кляшчэеўцы на фоне мясцовага храма.

Аб вызваленьні Кляшчэеўкі ў вячэрнім звароце згадаў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Кляшчэеўка — другі населены пункт, адбіты ўкраінскімі вайскоўцамі пад Бахмутам, які вясной пасьля працяглага штурму з удзелам атрадаў ПВК «Вагнэр» перайшоў пад расейскі кантроль. Раней было вызвалена сяло Андрэеўка побач з Кляшчэеўкай.

Сёлы размешчаны за некалькіх кілямэтраў на поўдзень ад Бахмуту, пераўтворанага ў руіны падчас шматмесячных баёў. Украінскія вайскоўцы яшчэ з пачатку лета спрабуюць акружыць горад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне на руках памерлі „Волат“ і „Брэст“». Аповед беларускага парамэдыка «Бровара», які ўжо паўтара года на вайне

Інстытут вывучэньня вайны: вызваленьне Кляшчэеўкі – тактычнае дасягненьне

Інстытут вывучэньня вайны: вызваленьне Кляшчэеўкі — тактычнае дасягненьне

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) заявілі, што ўкраінскія войскі захапілі пазыцыі на паўночным захадзе ад Бахмута, што дазволіла адцягнуць расейскія сілы з Запароскай вобласьці.

«Вызваленьне Кляшчэеўкі, а таксама прадоўжаньне ўкраінскіх тактычных дасягненьняў на паўночны захад ад Бахмута зьяўляюцца тактычнымі дасягненьнямі стратэгічнага значэньня, таму што яны дазваляюць украінскім сілам замацаваць значную частку расейскіх дэсантнікаў у раёне Бахмута», — адзначаецца ў справаздачы Інстытуту.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі адзначаюць, што Расея ўзмацніла 58-ю агульнавайсковую армію дадатковымі паветрана-дэсантнымі падразьдзеламі на арэхаўскім кірунку ў Запароскай вобласьці.

«Усяго за некалькі кілямэтраў ад прыфрантавой вёскі Рабоціна, імаверна, сканцэнтравана як мінімум пяць палкоў паветрана-дэсантных войскаў, складзеных з 7-й і 76-й дывізій. У поўным складзе такая сіла павінна складаць каля 10 тысяч элітных дэсантнікаў. Тым ня менш, амаль усе адзінкі, хутчэй за ўсё, рэзка недаўкамплектаваныя», — адзначаецца ў паведамленьні.

«Цягам усёй вайны расейскае камандаваньне спрабавала аднавіць паветрана-дэсантныя войскі як высокамабільную ўдарную сілу для наступальных дзеяньняў. Цяпер жа іх выкарыстоўваюць у якасьці лінейнай пяхоты для ўзмацненьня перанапружаных наземных сіл», — адзначаюць брытанскія выведнікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскае войска вызваліла ад расейцаў тэрыторыю яшчэ каля двух населеных пунктаў на Запарожжы

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.