Пра будучыя выбары
У Беларусі ў наступныя два гады пройдуць парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары, падчас якіх будуць спробы «разгайдаць» сытуацыю ў краіне. Аб гэтым у эфіры СТВ заявіў першы намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі Беларусі Павал Муравейка.
«Гэта будзе комплекснае ўзьдзеяньне знутры, звонку... І будзе ажыцьцяўляцца ўзьдзеяньне на ўсе эшалёны ўлады. Акрамя таго, да гэтага дададуцца розныя радыкальныя экстрэмісцкія дзеяньні. Апошняе мы з вамі бачылі зусім нядаўна. Гэта спробы падарваць чыгунку», — заявіў Муравейка.
«На сёньня беларускае грамадзтва і ўлада кансалідаваныя і гатовыя рэагаваць на ўсе выклікі, зьвязаныя з электаральнай кампаніяй», — заявіў Муравейка.
Пра кібэратакі
Намесьнік дзяржсакратара Савету бясьпекі нагадаў, што, паводле дадзеных на 2022 год, на беларускія інфармацыйныя рэсурсы «было ажыцьцёўлена 320 мільёнаў кібэрнэтычных атак», у асноўным з-за мяжы.
«На сёньня гэта балючая тэма, таму што ніхто не супакоіўся, такія атакі працягваюцца. Наша сыстэма пасьпяхова змагаецца з гэтым. Мы бачым, адсочваем, рэагуем, не дапускаем, папярэджваем. Ці будуць нас спрабаваць разгайдаць у пэрыяд электаральных кампаній? Безумоўна, будуць», – лічыць Муравейка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» заявілі пра ўзлом сайтаў БДУ. Прэс-служба БДУ адрэагавалаПра ядзерную зброю
Муравейка падкрэсьліў, што, атрымаўшы ад Расеі ядзерныя боепрыпасы, беларускія спэцыялісты прайшлі ў Расеі поўны цыкль падрыхтоўкі, атрымаўшы адпаведную магчымасьць прымяняць гэту зброю.
«У першую чаргу хацеў бы засьцерагчы ад тых шалёных думак і шалёных ідэй праверыць на практыцы, ці ўмеюць беларусы прымяняць гэтую зброю», — сказаў Павал Муравейка.
«У нас ёсьць дух, воля і гатоўнасьць у выпадку неабходнасьці ўсімі сродкамі абараняць нашу краіну», — дадаў ён.
Пра тых, хто выехалі за мяжу
Ён пракамэнтаваў «пашпартны» ўказ Аляксандра Лукашэнкі:
— «Тут важны пасыл мусіць быць наступны. Першае — і гэта прынцыповая пазыцыя нашай дзяржавы — людзі, якія зьдзейсьнілі злачынствы, павінны панесьці пакараньне. Калі вы раскаяліся, прыяжджайце, існуе пэўны мэханізм: праз камісію пры Генэральнай пракуратуры ўсё будзе разгледжана, аб'ектыўна, празрыста. І ўсе гэтыя пытаньні будуць вырашаны. Ня хочаце прыяжджаць? Не прыяжджайце. Але пазыцыя прынцыповая: кожны, хто зьдзейсьніў злачынства, павінен быць пакараны. І іншага ў нашай краіне ня будзе», — заявіў прадстаўнік Савету бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валер Кавалеўскі: Ім мала рэпрэсій унутры Беларусі, спрабуюць рэпрэсаваць беларусаў і за мяжой