За час шасьцідзённага візыту паўночнакарэйскага лідэра паміж КНДР і Расеяй не было падпісана нейкіх афіцыйных дамоўленасьцяў. Прынамсі, публічна аб падпісаньні двухбаковых дакумэнтаў не паведамлялася.
Кім Чэн Ын прыехаў у Расею на цягніку ў аўторак, 12 верасьня. Гэта ягоны першы замежны візыт з 2019 году, тады ён таксама прыяжджаў у Расею. 13 верасьня адбылася яго сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на касмадроме Ўсходні ў Амурскай вобласьці.
Заходнія СМІ перад візытам Кіма і падчас яго са спасылкай на свае крыніцы паведамлялі, што ён мог весьці перамовы з расейскімі ўладамі пра двухбаковае супрацоўніцтва ў ваеннай сфэры — у тым ліку і пра пастаўкі ў Расею паўночнакарэйскай зброі і боепрыпасаў для выкарыстаньня ў вайне супраць Украіны. Такія пастаўкі супярэчылі б міжнародным санкцыям супраць КНДР. У Вашынгтоне папярэдзілі, што ў выпадку такіх паставак ЗША ўвядуць дадатковыя санкцыі і супраць Пхэньяну, і супраць Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З аднаго боку — закрытае неба, з другога — зграі варожых бесьпілётнікаў. І як цяпер Лукашэнку лятаць?Расейскія афіцыйныя асобы наўпрост не абверглі магчымасьць такіх паставак, заявіўшы толькі, што Расея выконвае свае абавязаньні. Пуцін заявіў, што паўночнакарэйскіх наймітаў на фронт ва Ўкраіну пасылаць ня будуць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прапанаваў Пуціну падумаць аб сумесным супрацоўніцтве з Паўночнай Карэяй