У подпісе пад апублікаваным пазовам ён назваў сябе «беларускім дэмакратычным лідэрам».
Цапкала абвінавачвае Эўракамісію ў тым, што «ў супрацоўніцтве зь некаторымі дзяржавамі-чальцамі» яна"выкарыстала свой палітычны ўплыў, адміністрацыйныя мэханізмы і фінансавыя рэсурсы, каб падарваць адзінства дэмакратычнага руху ў Беларусі і дыскрэдытаваць сапраўдных змагароў за свабоду».
На думку заяўніка, дзеяньні Камісіі «спрыялі ўмацаваньню ўлады Лукашэнкі, што прывяло да росту колькасьці палітычных зьняволеных, палегчыла наступную акупацыю Беларусі Расеяй і прывяло да разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі».
Паведамляецца, што ў пазове 100 старонак «доказаў», якія будуць выкарыстаныя «для падтрымкі ўсіх сьцьвярджэньняў у паважаным судзе».
«Мы шчыра спадзяемся, што суд падыдзе да гэтай справы з належнай сур’ёзнасьцю, без прадузятасьці да беларусаў як да няразьвітай нацыі і прызнаючы, што правы чалавека павінны роўна прымяняцца да народу Беларусі як да любой эўрапейскай нацыі», — піша пазоўнік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто з кім і супраць каго сябруе ў беларускіх дэмакратычных сілах. Тлумачым у ВІДЭА«Эўракамісія парушыла асноўныя дэмакратычныя прынцыпы, такія як народнае прадстаўніцтва і ўдзел. Яна замяніла лідэраў, якія мелі падтрымку беларускага народу, на фіктыўныя структуры, якія складаюцца зь невядома кім і на якой падставе прызначаных асоб. Гэтыя незразумелыя асобы, у адрозьненьне ад сотняў тысяч беларусаў, не рызыкавалі сваім жыцьцём або свабодай дзеля дэмакратычных ідэалаў», — заявіў Цапкала.
Паводле яго перакананьня, Эўракамісія таксама парушыла «прынцыпы адкрытасьці і празрыстасьці, вызначаныя ў Лісабонскай дамове». «Яна зрабіла таемна адабраных без удзелу беларусаў асоб фінансавымі бэнэфіцыярамі ахвяр і пакут мільёнаў нашых суграмадзян», — лічыць палітык.
Цапкала таксама абвінаваціў Эўракамісію у «фаварытызьме і прадузятасьці», якія «фундамэнтальна парушаюць прынцыпы роўнасьці і салідарнасьці, замацаваныя ў дамове аб Эўрапейскім зьвязе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мы аб’ядноўваліся не вакол асобы, а вакол каштоўнасьцяў, — Вераніка Цапкала пра тое, чаму разышлася зь ЦіханоўскайПаводле Цапкалы, памылковай зьяўляецца і санкцыйная палітыка Эўразьвязу, бо яна накіраваная на «мільёны беларусаў, якія выступаюць за дэмакратычныя каштоўнасьці».
Тэма санкцый таксама «ўключаная ў пазоў» разам з пытаньнямі «ўзмацненьня гандлёвых сувязяў з кампаніямі, кантраляванымі рэжымам у Менску», і «прэфэрэнцый бізнэсмэнам, зьвязаным з рэжымам Лукашэнкі», паведаміў палітык.
- 58-гадовы Цапкала пасля эміграцыі з Беларусі ў 2020 годзе паступова перайшоў на пазыцыі жорсткага крытыка дэмакратычных сіл, аб’яднаных вакол Сьвятланы Ціханоўскай. З выкарыстаньнем рэзкай, часта абразьлівай лексыкі, ён абвінавачвае дэмакратычны рух у непразрыстасьці дзейнасьці, ўзурпацыі лідэрства, часам — у прысваеньні донарскіх сродкаў.
- Арганізатараў анлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно», які сабраў больш за 574 тыс. эўра, Цапкала назваў «грантасосамі, якія купаюцца ва ўзаемнай крывадушнасьці».
- У якасьці альтэрнатыўнага палітычнага цэнтру па яго ініцыятыве ў 2021 годзе створаны Форум дэмакратычных сіл Беларусі. Сваёй мэтай форум дэкляруе «зьвяржэньне рэжыму Лукашэнкі, вызваленьне ўсіх палітвязьняў і правядзеньне свабодных, дэмакратычных выбараў у Рэспубліцы Беларусь».
- Жонка палітыка Вераніка Цапкала, якая ўваходзіла ў каманду Ціханоўскай на выбарах 2020 году, на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні ў жніўні 2022-га заявіла пра неабходнасьць стварэньня грамадзкай рады, якая кантралявала б незалежныя сродкі масавай інфармацыі.