Кіраўнік МЗС самаабвешчанай рэспублікі Абхазія Інал Ардзінба заявіў, што Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэньне забясьпечыць бяспошлінны гандаль з Абхазіяй. Зь беларускага боку інфармацыя пакуль не пацьверджана.
«Дэ-факта для нас гэта азначае эканамічнае прызнаньне. Ад таго, як мы скарыстаемся гэтай магчымасьцю, залежыць далейшая траекторыя палітычных адносінаў з Рэспублікай Беларусь», — цытуе Ардзінбу «Кавказ. Реалии». Гэтыя словы ён сказаў пасьля сустрэчы з актывамі адміністрацый у Новым Афоне, Гудаўце, Гагры і Піцундзе.
Паводле яго, Абхазія наладжвае зь Беларусьсю гандлёва-эканамічныя сувязі. Акрамя таго, Ардзінба распавёў пра пляны стварыць дзелавую раду «Абхазія-Аб’яднаныя Арабскія Эміраты».
- У жніўні 2021 Лукашэнка расказаў, чаму не прызнаў Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Паводле яго, Захад пагражаў Менску дадатковымі санкцыямі ў выпадку прызнаньня незалежнасьці гэтых самаабвешчаных рэспублік, Масква ж адмовілася кампэнсаваць эканамічныя страты. Пры гэтым Лукашэнка назваў «нядобрым фактам», калі «Асэтыю адарвалі ад Грузіі».
- 28 верасьня 2022 года Аляксандр Лукашэнка пабываў у Піцундзе, дзе сустрэўся з абхаскім прэзыдэнтам Асланам Бжанія. Па словах самога Лукашэнкі, абмяркоўваліся «гандлёва-эканамічныя сувязі». Да візыту ў Абхазію Лукашэнка сустракаўся з Пуціным у Сочы.
- 21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў у Менску Аслана Бжанію і прапанаваў «Тбілісі, Сухумі і Менск неяк склейвацца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека абавязаў Расею выплаціць 130 млн эўра грузінскім ахвярам вайны 2008 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўжо два стагодзьдзі мучыць і цкуе Грузію». Грузіны ўспамінаюць жнівеньскую пяцідзённую вайну 2008 году