Іосіф Сярэдзіч лічыць сваёй памылкай перадачу «Народнай волі» новаму ўласьніку

Іосіф Сярэдзіч

Заснавальнік і былы галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч пракамэнтаваў зьмену рэдакцыйнай палітыкі выданьня.

Пасьля таго як на пачатку жніўня галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч пакінуў пасаду галоўнага рэдактара і ў выданьня (яно выходзіць у Сеціве) зьявіўся новы ўласьнік, чытачы заўважылі перамену ў падачы інфармацыі.

У прыватнасьці, публікацыі ў НВ у нэгатыўным сьвятле прадстаўляюць чытачам сытуацыю ў заходніх дэмакратычных краінах, асьвятленьне вайны Расеі супраць Украіны вядзецца з пункту гледжаньня Крамля. Робіцца гэта хаця і без экспрэсіўнай і абразьлівай лексыкі, аднак сумненьняў у тым, на чыім баку сымпатыі новага выдаўца, няма.

Цяпер выданьне належыць фірме «Гіпер ПК», якую ўзначальвае Мікалай Зіневіч — асоба, раней невядомая ў беларускай журналістыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ёсіф Сярэдзіч пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «Народнай Волі»

Журналіст Аляксандар Стрыжневіч зьвярнуўся па камэнтар да заснавальніка і былога галоўнага рэдактара «Народнай волі» Іосіфа Сярэдзіча.

«Ніхто ў мяне сайт не перакупляў, — сказаў Сярэдзіч. — Так атрымалася, што дамэннае імя сайта УП „Народная Воля“ я перадаў таварыству з абмежаванай адказнасьцю „Гіпер ПК“ бясплатна. Ніводнай капейкі ніхто не пералічыў на рахунак рэдакцыі „Народнай Волі“, ніводная капейка ня трапіла ў маю кішэню».

Паводле Сярэдзіча, умовай перадачы сайту было тое, што ягоным напаўненьнем будуць займацца журналісты, якія працавалі ў выданьні.

«Сёньня, 15 верасьня, я даведаўся, што адзін з кіраўнікоў „Гіпер ПК“ адхіліў гэтых журналістаў ад супрацоўніцтва. А цяпер быццам бы сам напаўняе інфармацыйную стужку сайту», — паведаміў Іосіф Сярэдзіч. Ён запэўніў суразмоўцу, што мае намер «аднаўляць законнасьць».

«Гэтая інфармацыя як сьнежны камяк на галаву, — кажа Іосіф Сярэдзіч. — Мне шкада журналістаў. Я быў упэўнены, што яны будуць працаваць на адпаведным узроўні, а апынуліся каля разьбітага карыта. Мне незразумелыя дзеяньні тых, каму я бясплатна памылкова перадаў сайт».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Голас розуму як учынак. Пра адкрыты ліст рэдактара Сярэдзіча
  • Газэту «Народная воля» Іосіф Сярэдзіч заснаваў у 1995 годзе. У лістападзе 2020-га ўлады забаранілі ўсім друкарням супрацоўнічаць з выданьнем, да пачатку 2023-га газэта выходзіла ў PDF-фармаце. У чэрвені 2023 году Міністэрства інфармацыі Беларусі анулявала пасьведчаньне аб рэгістрацыі. На пачатку жніўня 2023 Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што пакідае пасаду галоўнага рэдактара.
  • 73-гадовы Іосіф Сярэдзіч у журналістыцы з 1960-х гадоў, працаваў у «Сельскай газеце» і «Советской Белоруссии». У 1990 быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, уваходзіў у склад Дэмакратычнага клюбу. Зь лета 1990 — галоўны рэдактар новаўтворанай «Народнай газеты», органу Вярхоўнага Савету. У сакавіку 1995 за публікацыю артыкула супраць рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі і статусу беларускай мовы быў адхілены ад пасады галоўнага рэдактара ўказам Лукашэнкі, пры тым, што правам прызначаць рэдактара валодаў толькі Вярхоўны Савет. Стварыў газэту «Народная воля», першы нумар якой выйшаў 11 ліпеня 1995 г.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Без нацыянальнага прымірэньня не захаваць незалежнасьць Беларусі», — адкрыты ліст Ёсіфа Сярэдзіча
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ёсіф Сярэдзіч прапанаваў сябе ў якасьці пасярэдніка ў перамовах улады з грамадзтвам
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мытнікі на мяжы спыталі, ці ёсьць хто з «Народнай Волі». Калегі і знаёмыя расказваюць байкі з жыцьця Ёсіфа Сярэдзіча