Асуджанага мужчыну, імя якога не называецца, прызналі вінаватым у распаўсюджваньні матэрыялаў з публічнымі заклікамі да гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнага ладу і дзяржаўнай улады ў краіне (частка 2 артыкула 109 КК Украіны). Пра гэта піша УНІАН са спасылкай на рашэньне суду.
Паводле сьледзтва, у лістападзе 2022 жыхар Чаркасаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку разьмясьціў пост, у якім абвінаваціў украінскую ўладу ў карупцыі, узурпацыі, а таксама падбухторваў вайскоўцаў да паўстаньня для яе зьвяржэньня.
Мужчына прызнаў сваю віну і раскаяўся, заклікаўшы суд строга яго не караць. Суд улічыў пазыцыю асуджанага, прызначыўшы яму год пазбаўленьня волі ўмоўна. У якасьці прафіляктычнай меры мужчыну абавязалі прачытаць да канца красавіка 2024 шэсьць кніг пра ўкраінска-расейскую вайну, пісьмова апісаўшы свае ўражаньні.
Сярод кніг, якія жыхару Чаркасаў давядзецца прачытаць, значацца такія, як «Ізаляцыя. Тайныя турмы Данбасу ў расповедах уратаваных ад катаваньняў і сьмерці», «Зіма набліжаецца», «Эўразійскі разлом: Украіна ў эпоху гібрыдных выклікаў», «Украіна ў эпоху вайнаміру», «На шчыце. Успаміны сем'яў загінулых воінаў. Данецкі аэрапорт», «24.02. Дзёньнік вайны».
- Падобнае пакараньне ў лістападзе 2021 прызначыў двум мужчынам, абвінавачаным у крадзяжах, судзьдзя з Адэсы Аляксандар Гарскі. Ён абавязаў асуджаных чытаць Марка Твэна, Джэка Лёндана і Тараса Шаўчэнку. Сваё рашэньне судзьдзя растлумачыў тым, што ў падсудных былі прабелы ў адукацыі, якія ён вырашыў запоўніць, абавязаўшы іх чытаць творы клясыкаў сусьветнай і ўкраінскай літаратуры.
- У Беларусі заклікі ў сеціве да гвалтоўнай зьмены ўлады караюцца пазбаўленьнем волі ад чатырох да дванаццаці гадоў (Крымінальны Кодэкс РБ, арт.361, ч.3).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэтка Сабіна Брыло: «Я не прызнаю за рускай мовай віны і не прызначаю ёй пакараньня»