«Дзяцей вывелі і распусьцілі па дамах. Маё дзіця ўжо дома. Але ніякіх дэталяў ня ведаюць. Адно, што нібыта настаўнікі сказалі нікому нічога не казаць», — расказаў адзін з бацькоў.
Спачатку меркавалася, што гэта была трэнавальная трывога, але з умовай не казаць пра гэта дзецям, бо школа беларуская і рызыкі могуць быць рэальныя, таму такі высокі ўзровень. Аднак пазьней Delfi паведаміла са спасылкай на віленскую паліцыю, раніцай 14 верасьня намесьнік дырэктара атрымаў па электроннай пошце паведамленьне пра нібыта закладзеную ў гімназіі бомбу. У гімназію прыехала паліцыя, падчас агляду будынка знайшлі падазроны прадмет, і тады вучняў і настаўнікаў эвакуавалі.
Прыехалі сапэры, але інфармацыя пра мінаваньне не пацьвердзілася. Быў сабраны матэрыял паводле крымінальнага артыкулу пра лжывае паведамленьне насельніцтву аб небясьпецы або катастрофе.
Гімназія імя Францішка Скарыны ў Вільні — гэта адзіная беларускамоўная школа ў Літве. Пры гэтым бацькі беларускіх школьнікаў часта скардзяцца, што трапіць у яе цяпер вельмі цяжка, яна перапоўненая
Летась падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні таксама паступіла паведамленьне аб замінаваньні будынку, дзе адбывалася сутрэча. Удзельнікаў вывелі, а спэцыялісты агледзелі памяшканьне. Інфармацыя пра выбухоўку аказалася фальшывай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрэба яшчэ ў адной беларускай школе ў Вільні існуе», — сьпікерка парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн