Расея ў абыход санкцый закупіла запчастак для Boeing і Airbus амаль на 190 млн даляраў

Самалёт расейскіх авіянілій «Аэрофлот»

Закупкі праводзіліся, нягледзячы на санкцыі, уведзеныя за ўварваньне ва Ўкраіну.

Расея з лютага 2022 па сакавік 2023 закупіла арыгінальных запчастак для самалётаў Boeing і Airbus на агульную суму 18 мільярдаў расейскіх рублёў (амаль 190 млн даляраў ЗША), высьветліла выданьне «Важные истории».

Закупкі ажыцьцяўляліся, нягледзячы на санкцыі, уведзеныя за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну.

У пастаўках удзельнічалі 150 кампаній з 26 краін сьвету. Пры гэтым толькі на долю пасярэднікаў з ААЭ прыпадаюць закупкі на агульную суму 9 мільярдаў рублёў (каля 95 млн даляраў).

Таксама ў тройцы лідэраў кампаніі з Кітая (каля 51 млн даляраў) і Турэччыны (каля 20 млн даляраў).

Рабіліся закупкі і ў такіх краінах, як ЗША, Вялікая Брытанія, Нямеччына, Чэхія і Літва. Расейскія ўлады называюць іх «варожымі», афіцыйныя гандлёвыя адносіны зь імі зьведзены да мінімуму або спыненыя. Пастаўкі праводзяцца паводле схемы так званага паралельнага імпарту.

Адзначаецца таксама, што многімі кампаніямі-пастаўшчыкамі валодаюць расейцы.

Адным з галоўных пакупнікоў, па зьвестках «Важных историй», стала маскоўская кампанія «Пратэктар», якая перапрадала расейскім авіяперавозчыкам дэталі на суму ў 2 мільярды рублёў.

  • Санкцыі, уведзеныя супраць расейскай авіягаліны пасьля шырокамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, прадугледжваюць забарону на пастаўкі ў Расею авіятэхнікі, а таксама забарону на палёты расейскіх самалётаў у краіны, якія ўвялі санкцыі. Таксама былі адкліканы сэртыфікаты страхаваньня, а самалёты, якія былі купленыя ў лізінг, ад расейскіх авіякампаній запатрабавалі вярнуць, чаго яны не зрабілі. На фоне нястачы запчастак пачасьціліся інцыдэнты з самалётамі расейскіх авіякампаній.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аэрофлот» загадаў супрацоўнікам радзей фіксаваць няспраўнасьці самалётаў, — матэрыялы расьсьледаваньня
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія авіякампаніі просяць урад узаконіць разборку самалётаў на дэталі, якіх не хапае з прычыны санкцый