Катастрафічная паводка ў Лібіі: тысячы ахвяраў. ФОТА

Наступствы шторму і паводкі

Шторм прарваў дамбы, разбурыў будынкі, зьнішчыў чвэрць гораду Дэрна.

Паводле апошніх зьвестак МУС краіны, як піша Anadolu, толькі ў горадзе Дэрна маглі загінуць 5200 чалавек. Наогул жа ідзецца пра дзясяткі тысяч зьніклых бязь вестак. Ня выключана, што колькасьць ахвяр можа павялічыцца. На гэты момант пахавалі каля 1300 целаў.

«У выніку сьмертаноснага шторму прапалі цэлыя сем'і. Многія целы не ўдалося апазнаць і яны не былі пахаваныя», — паведаміў прадстаўнік міністэрства агенцтву Anadolu.

Шторм «Даніэль» прыйшоў у Лібію ў нядзелю. Патокі вады разбурылі ахоўныя дамбы і затапілі цэнтар Дэрны. Цэлыя кварталы пайшлі пад ваду. Пацярпелі і іншыя раёны, у тым ліку Бэнгазі, найбуйнейшы горад ва ўсходняй Лібіі.

  • Лібія падзеленая паміж дзьвюма варагуючымі адміністрацыямі пасьля паўстаньня, у выніку якога ў 2011 годзе быў скінуты Муамар Кадафі.
  • Ні прызнаны, ні непрызнаны ўрады не ўкладалі сродкаў у рамонт інфраструктуры, чым і могуць тлумачыцца катастрафічныя наступствы паводкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: найміты з РФ, магчыма, учынілі ваенныя злачынствы ў Лібіі