Як КДБ і ГУБАЗіК маніпулююць беларусамі. Расказвае былы сьледчы. ВІДЭА

Андрэй Астаповіч. Каляж.

КДБ Беларусі хваліцца, што раскрыў дывэрсійную групу, якая нібыта працавала на СБУ і плянавала тэракты на тэрыторыі Беларусі. У той жа дзень Сьледчы камітэт паведаміў пра распачаты працэс «спэцыяльнага вядзеньня» ў дачыненьні да прадстаўнікоў і экс-удзельнікаў арганізацыі ByPol. 

Сярод тых, каму трэба зьявіцца ў СК, — і Андрэй Астаповіч, былы сьледчы, у мінулым стваральнік ByPol. Некалькі месяцаў таму арганізацыя раскалолася на дзьве. Астаповіч сёньня супрацоўнік Belpol. Ён госьць эфіру Свабоды Premium.

Астаповіч ня мае намеру цікавіцца «завочным працэсам» або кантактаваць са Сьледчым камітэтам.

«Для мяне яны — злачынная групоўка, якая захапіла ўладу, у тым ліку органы, Сьледчы камітэт, КДБ. Гэта злачынныя арганізацыі, і я не прызнаю іх як легітымную ўладу, а іх дзейнасьць не прызнаю як законную. Ім гэты працэс можа быць патрэбны для таго, каб завалодаць маёмасьцю. Па мне гэта ніяк ня б’е. У мяне няма грошай, ні кватэры, ні машыны, ні рахункаў у банку. А ці прысудзяць мне 5 год ці 20, або нават расстраляць захочуць, мне ад гэтага ані холадна, ані горача», — кажа Астаповіч.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.

Супрацоўнік Belpol называе апошні фільм на прапагандысцкім канале пра нібыта затрыманьне агентаў СБУ правакацыяй спэцслужбаў. Ён прыгадвае, што і раней пра падобныя справы гаварылася публічна, але пазьней яны зьнікалі з афіцыйных базаў дадзеных.

«Быў прарыў мяжы. Яны затрымлівалі людзей, паказвалі па дзяржканалах, паказвалі затрыманых і зброю. А ў выніку справу спынілі. Гэта правакацыі для прыгожай карцінкі на АНТ, для справаздачаў і мэдалёў. Або з падачы вусатага дыктатара хочуць паказаць народу, што яны нешта робяць», — лічыць былы сьледчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па справе BYPOL распачалі «спэцыяльнае вядзеньне», Азараву пагражае сьмяротнае пакараньне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі затрымалі шэсьць чалавек за «падрыхтоўку тэрактаў». Праваабаронцы высьветлілі, што пра іх вядома