Так Явіта Нялюпшэне пракамэнтавала абноўленае тлумачэньне Эўрапейскай камісіі (ЭК), якое забараняе любы, нават часовы, увоз аўтамабіляў з Расеі ў Эўразьвяз, піша Delfi.
«Кожны, хто перасякае мяжу, няхай гэта будзе грамадзянін Расеі або грамадзянін ЭЗ, з зарэгістраванымі ў Расеі (аўтамабільнымі. — ELTA) нумарамі, калі ў яго няма дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць, што ён карыстаецца калінінградзкім транзытам, павінен быць папярэджаны аб тым, што ягоны аўтамабіль пры ўезьдзе будзе канфіскаваны», — падкрэсьліла Нялюпшэне ў этэры тэлеканала LRT у панядзелак.
«Цяпер грамадзяне Расеі могуць перасякаць мяжу толькі пры наяўнасьці ў іх такога права — на аўтобусе або пешшу», — падкрэсьліла яна.
Афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі Даніэль Фэры на брыфінгу 11 верасьня паведаміў, што аўтамабілі і іншыя рэчы, набытыя ў Расеі, могуць увозіць на тэрыторыю эўрапейскіх краін толькі грамадзяне краін Эўразьвязу і іхныя бліжэйшыя сваякі.
У тлумачэньнях ЭК ад 8 верасьня ўказваецца, што аўтамабілі ці іншыя асабістыя прадметы, якія падпадаюць пад санкцыі, такія як фотаапараты, ноўтбукі, тэлефоны, цыгарэты, інструмэнты для галеньня, шампунь, мыла і іншыя тавары, ня могуць быць увезеныя на тэрыторыю ЭЗ нават часова.
Новыя абмежаваньні ў дачыненьні да грамадзян Расеі ўведзеныя ў межах санкцый Эўразьвязу супраць Расеі за поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўракамісія: уезд у краіны ЭЗ на зарэгістраваных у Расеі аўтамабілях будзе расцэньвацца як забаронены імпарт ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Большасьць беларусаў маюць магчымасьць вярнуцца». Улады Літвы не плянуюць мяняць працэдуры выдачы беларусам пашпартоў іншаземца