Самалёт Airbus A320 авіякампаніі «Ўральскія авіялініі», які ляцеў з Сочы ў Омск, экстрана прызямліўся ў полі каля населенага пункту Каменка Новасібірскай вобласьці.
Як паведаміла агенцтва РБК, на борце самалёта было 159 пасажыраў і 6 членаў экіпажу.
На першых кадрах зь месца пасадкі можна ўбачыць сьляды ўзгараньня над правым крылом самалёта. Іншыя крыніцы паведамляюць, што ў небе загарэўся адзін з рухавікоў.
Газэта «Известия» апублікавала фрагмэнт размовы пілётаў, зь якой вынікае, што незаплянаваная пасадка самалёта адбылася праз адмову гідраўлічнай сыстэмы.
Упраўленьне аховы здароўя ў Новасібірскай вобласьці паведамілі, што двое пасажыраў зьвярнуўся па мэдычную дапамогу ў сувязі з павышаным ціскам, адзін — праз прыступ астмы, яшчэ двух пасажыраў накіравалі на рэнтген у сувязі з магчымымі траўмамі.
Пасьля поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну вытворцы самалётаў Airbus і Boeing спынілі абслугоўваньне расейскіх лайнэраў у межах уведзеных супраць Расеі санкцый.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі адмовіліся ад удзелу вытворцаў самалётаў Embraer у расьсьледаваньні катастрофы ў Цьвярской вобласьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На борце «Белавія», які ляцеў з Расеі, адбылася разгермэтызацыя. У Менску самалёт сустракалі экстраныя службы