Прэм’ер Вялікай Брытаніі абвінаваціў Расею ў атацы на цывільнае судна ў Чорным моры

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак

Расейскія вайскоўцы 24 жніўня нанесьлі ракетны ўдар па цывільным грузавым судне ў чарнаморскім порце, але атаку адбіла ўкраінская СПА. Аб гэтым заявіў прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Рышы Сунак на пасяджэньні парлямэнту.

«Дзякуючы рассакрэчаным дадзеным выведкі мы ведаем, што 24 жніўня расейскія вайскоўцы выпусьцілі некалькі ракет па цывільным грузавым судне ў Чорным моры», — цытуе словы прэмʼера Reuters.

У міністэрстве замежных спраў Вялікай Брытаніі ўдакладнілі, што мэтай атакі было судна пад сьцягам Лібэрыі. Па ім выпусьцілі дзьве ракеты «Калібр» з ракетаносьбіта Чарнаморскага флёту.

«Наносячы ўдары па грузавых суднах і ўкраінскай інфраструктуры, Расея наносіць шкоду ўсяму астатняму сьвету», — заявіў кіраўнік брытанскага МЗС Джэймс Клевэрлі.

  • Расея пачала абстрэльваць поўдзень Украіны пасьля таго, як 17 ліпеня выйшла са збожжавай угоды, у рамках якой збожжа з Украіны дастаўлялася ў іншыя краіны сьвету. Мэтай расейскіх удараў стала інфраструктура партоў, якую выкарыстоўвалі пры збожжавым пагадненьні. Пасьля выхаду Расеі з пагадненьня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заяўляў, што Кіеў можа прадоўжыць пастаўкі збожжа па чарнаморскім калідоры без удзелу Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вялікая Брытанія пашырыла санкцыі супраць Беларусі. У сьпісе шэсьць прадпрыемстваў