Сьледчы камітэт распачаў так званую «спэцвытворчасьць» супраць былых сілавікоў, якія працавалі ў ByPOL (некаторыя зь іх цяпер у BelPol). У сьпісе – Азараў, Жыгар, Купрэйчык, Лобан, Астаповіч і Талерчык. Набор «злачынстваў» у кожнага крыху розны, лідэр – Аляксандар Азараў, супраць яго справа адкрытая адразу па 10 артыкулах КК.
Чым займаецца ByPol пасьля расколу ў арганізацыі і пасьля сыходу Аляксандра Азарава з пасады прадстаўніка па аднаўленьні правапарадку ў Аб’яднаным пераходным кабінэце? Ці супрацоўнічае арганізацыя зь Belpol, што адбываецца з плянам «Перамога» і ці магчымы партызанскі рух у сёньняшняй Беларусі?
Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе Premium расказвае сам Аляксандар Азараў.
«Я застаюся каардынатарам па пляну «Перамога» і па працы з партызанскім рухам у Беларусі пры кабінэце. Днямі было паседжаньне кабінэта, на якое мяне запрасілі і акурат патлумачыў, чым я апошні час займаюся, датычна пляну «Перамога». Гэта плян — мая асноўная адказнасьць перад кабінэтам і беларусамі. Мы цяпер аднавілі каманду, набралі новых людзей і ўсю сваю асноўную дзейнасьць накіравалі на плян «Перамога», на працу з актывістамі ўнутры краіны. Мы зь імі працуем у накірнку атрыманьня інфармацыі, якая нам цікавая і нашым партнэрам. А таксама для стварэньня партызанскіх ячэек, якія прыдадуцца ў будучым для запуску пляну «Перамога». — расказаў Азараў.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
Гутарка адбылася яшчэ да таго, як стала вядома пра пачатак спэцвытворчасьці ў дачыненьні да удзельнікаў ByPOL і BelPol.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Час мабілізаваць партызанскі супраціў». Пяць думак пра памылкі Захаду адносна Беларусі