Інстытут вывучэньня вайны: генэрал расейскай арміі Суравікін узначаліў адну з структур СНД

Генэрал расейскай арміі Сяргей Суравікін. Архіўнае фота

У склад Каардынацыйнага камітэту ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны СНД мусяць уваходзіць камандуючыя нацыянальных вайскова-паветраных сіл.

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны (ISW) паведамілі, што генэрал расейскай арміі Сяргей Суравікін, зьвязаны з групай «Вагнэр» і нядаўна адпраўлены ў адстаўку, стаў кіраўніком Каардынацыйнага камітэту ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны Садружнасьці Незалежных Дзяржаў (СНД).

«Пераход Суравікіна на кіроўную пасаду ў СНД адпавядае папярэднім схемам расейскага вайсковага кіраўніцтва, якое перамяшчала апальных і неэфэктыўных камандзіраў на пэрыфэрыйныя пасады, далёкія ад Украіны, бяз поўнага звальненьня іх з расейскіх войскаў», — адзначаецца ў справаздачы ISW.

На афіцыйным сайце СНД пакуль адсутнічае інфармацыя аб прызначэньні Сяргея Суравікіна. Старшынём Каардынацыйнага камітэту ў пытаньнях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны СНД там значыцца расейскі генэрал-палкоўнік Аляксандар Зелін, які да 2012 году ўзначальваў Вайскова-паветраныя сілы Расеі.

Што такае Каардынацыйны камітэт

Каардынацыйны камітэт у пытаньнях супрацьпаветранай абароны пры Савеце міністраў абароны СНД створаны згодна з дамовай аб стварэньні аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў СНД, падпісанай 10 лютага 1995 году.

Камітэт створаны для ўзгадненьня намаганьняў па стварэньні і ўдасканаленьні Аб’яднаных сіл СПА. У яго склад уваходзяць камандуючыя нацыянальных вайскова-паветраных сіл. У Расеі ВПС узначальвае генэрал-лейтэнант Сяргей Дронаў. Ён, згодна са сваімі паўнамоцтвамі, і мусіў уваходзіць у склад Каардынацыйнага камітэту.

Удзельнікамі дамовы аб стварэньні аб’яднанай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзяржаў СНД зьяўляюцца Армэнія, Беларусь (з заўвагамі), Казахстан, Кіргістан, Расея Таджыкістан і Туркмэністан (з асаблівай думкай). Грузія і Ўкраіны, якія таксама падпісалі гэтую дамову ў 1995 годзе, выйшлі з СНД і з гэтага дакумэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія СМІ: Генэрала Суравікіна зьнялі з пасады камандуючага Вайскова-касьмічнымі сіламі Расеі

Сяргей Суравікін ачольваў Вайскова-касьмічныя сілы Расеі да мяцяжу расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» на чале зь яе уласьнікам Яўгеніем Прыгожыным. Яго абвясьцілі загінулым у выніку авіякатастрофы ў жніўні 2023 году.

Пасьля няўдалага мяцяжу Сяргей Суравікін зьнік з публічнай прасторы. Была інфармацыя, што яго выклікалі на допыт, іншыя крыніцы гаварылі нават пра тое, што Суравікіна арыштавалі, але нічога не знайшло пацьверджаньня. 23 жніўня расейскія СМІ паведамлялі, што яго звольнілі, а на ягоную пасаду прызначылі генэрала Віктара Афзалава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі апублікавалі фота генэрала Суравікіна, які быў зьнік: «Выйшаў, жывы, здаровы»