У Львове беларускія і ўкраінскія актывісты адзначылі Дзень беларускай вайсковай славы, які сьвяткуюць у гонар перамогі войска Вялікага Княства Літоўскага над Масквой у гістарычнай бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году.
Тады 30-тысячнае войска ВКЛ на чале зь вялікім гетманам Канстанцінам Астроскім пасьпяхова супрацьстаяла больш шматлікаму маскоўскаму праціўніку.
Кіраўнік дабрачыннага фонду «Вольная Беларусь» Аляксей Францкевіч паведаміў Свабодзе, што сёлета сьвяткаваньне ў Львове было абмежавана ў маштабах — беларусы змаглі ўскласьці кветкі да помніка ўдзельнікам паўстаньня Кастуся Каліноўскага на Лычакаўскіх могілках у Львове.
«Мы тут сёньня, каб нагадаць, што маем гістарычны досьвед перамагаць. У той дзень, калі расейскія акупанты распачалі поўнамаштабную вайну супраць Украіны, калі яны фактычна акупавалі тэрыторыю Беларусі, нам патрэбна аб’яднацца і рабіць усё, каб перамагчы тут, ва Ўкраіне, нашага агульнага ворага, і потым пачаць працэс дэакупацыі Беларусі», — сказаў Аляксей Францкевіч.
Плянавалася яшчэ шэсьце ад помніка Тарасу Шаўчэнку да помніка Сьцяпану Бандэру і акцыя ўшанаваньня гэтай гістарычнай падзеі. Але гарадзкія ўлады іх не дазволілі, спасылаючыся на меркаваньні бясьпекі і забарону масавых мерапрыемстваў у час ваеннага становішча.
У Кіеве на Ўсьпенскім саборы ў Кіева-Пячорскай лаўры адкрылі барэльеф князю Астроскаму
У Кіеве ўрачыстыя мерапрыемствы адбыліся на тэрыторыі Кіева-Пячорскай лаўры. У іх узялі ўдзел беларускія добраахвотнікі з палку Каліноўскага, вайскоўцы 30-й брыгады Ўзброеных сіл Украіны імя Канстанціна Астроскага, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Літвы ва Ўкраіне, прадстаўнікі польскай амбасады, вайсковыя капэляны, а таксама беларускія і ўкраінскія актывісты.
Перад адкрыцьцём барэльефа правялі малебен за перамогу Ўкраіны. Апроч таго, адбылася кароткая гісторыка-мастацкая імпрэза. Гэтую акцыю назвалі «Ворша 1514. Плячом да пляча — перамагаем».
«Сёньня беларускія добраахвотнікі ў складзе палку імя Кастуся Каліноўскага і зь іншых фармаваньняў, як і ў часы Астроскага, ваююць поплеч з украінцамі па ўсім фронце», — адзначаецца ў тэлеграм-канале палку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня толькі Астроскі. Шэсьць асобаў і два фактары, якія таксама прычыніліся да перамогі над Масковіяй пад Воршай