Як паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай, па выніках сустрэчы літоўскі бок пацьвердзіў, што працягне прымаць дакумэнты на віды на жыхарства ў беларусаў з пратэрмінаванымі пашпартамі. Праўда, кожны такі выпадак будзе разгледжвацца індывідуальна. А дзеці, якія нарадзіліся ў Літве, змогуць атрымліваць пашпарты замежнікаў.
Сьвятлана Ціханоўская зьвярнула ўвагу на неабходнасьць выдачы візаў тым, хто знаходзіцца ў Беларусі.
Таксама прапанавала павялічыць тэрмін дзеяньня гуманітарных відаў на жыхарства да 3-х гадоў і падоўжыць тэрмін дзеяньня пашпарта замежніка. Гэтае пытаньне, магчыма, літоўскі Сэйм абмяркуе ўжо ўвосень.
Віцэ-міністар запэўніў, што незалежна ад разьвіцьця сытуацыі, беларусы, якія ўцякаюць ад рэпрэсіяў, будуць мець гуманітарны калідор зь Беларусі ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашэньне Лукашэнкі толькі паскарае прыняцьце пашпарта Новай Беларусі». ВІДЭАТым часам, дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка распавёў пра пэрспэктывы выдачы альтэрнатыўнага ідэнтыфікацыйнага дакумэнту беларусам, якія жывуць у эміграцыі.
«Прыкладна год таму мы запусьцілі праект новага беларускага пашпарта, падрыхтавалі тэхнічны дызайн, візуальны складнік, узгаднілі з эўрапейскай камісіяй. Ён адпавядае стандартам ICAO, — сказаў Франак Вячорка ў інтэрвію „Голасу Амэрыкі“. — Цяпер мы ў працэсе выпуску ўзораў, якія будуць накіраваныя ў краіны Эўрапейскага Зьвязу і па ўсім сьвеце. Атрымаем рэакцыю ў адказ, і ў пачатку наступнага году пачнем зьбіраць дадзеныя і выдаваць першыя пашпарты».
Закранаючы пытаньне аб прызнаньні такога дакумэнта, Вячорка зазначыў, што яго стваральнікі не прэтэндуюць на тое, каб гэты дакумэнт стаў «дзяржаўным пашпартам». Аднак «статусу дакумэнта, які сьведчыць асобу, куды можна паставіць візу, які можна выкарыстоўваць для атрыманьня ВНЖ, гэтага мы дамагчыся можам», — адзначыў дарадца Ціханоўскай.
Па словах Вячоркі, выдаваць гэтыя дакумэнты будзе пашпартны стол, які будзе «хутчэй за ўсё, заснаваны Аб’яднаным пераходным кабінэтам і офісам Сьвятланы Ціханоўскай». Падача дакумэнтаў будзе ажыцьцяўляцца праз стандартныя візавыя цэнтры, якія будуць зьбіраць дадзеныя заяўнікаў і праводзіць працэдуру вэрыфікацыі.