Паводле папярэдняй ацэнкі юрыстаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», указ Лукашэнкі наконт пашпартоў і консульскай дапамогі беларусам за мяжой можа расцэньвацца як яшчэ адна праява атакі на мірнае насельніцтва Беларусі з палітычных матываў. Гэта ўпісваецца ў маштабную палітыку рэпрэсій супраць беларусаў, лічыць кіраўнік «НАУ» Павал Латушка.
На яго думку, згодна з Рымскім статутам указ Лукашэнкі можа кваліфікавацца як злачынства супраць чалавечнасьці. Паколькі ўказ абмяжоўвае права на перамяшчэньне, то ён можа таксама парушаць Міжнародны пакт аб грамадзянскіх правах.
- Указ Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасьня № 278 пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці падаўжаць тэрмін дзеяньня пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакумэнты. Касуецца права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэньня маёмасьці, уключаючы нерухомасьць і аўтамабілі. Такія ўгоды можна будзе ажыцьцяўляць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржаўныя органы або на падставе даверанасьці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасьці афармлялі консульствы).
Сьцісла асноўнае:
- Гэты ўказ Лукашэнкі — чарговае сьведчаньне сыстэматычных нападаў на грамадзянскае насельніцтва Беларусі на палітычных падставах. Гэта ўсё ўпісваецца ў маштабную палітыку рэпрэсій супраць насельніцтва Беларусі. І ў адпаведнасьці з артыкулам 7-м Рымскага Статуту Міжнароднага крымінальнага суду, гэта ўсё можа кваліфікавацца як злачынства супраць чалавечнасьці.
- Таксама, гэта фактычна парушэньне Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх правах. На думку нашых юрыстаў, артыкул 12-ы гэтага Пакту таксама парушаны, бо фактычна ўводзіцца для грамадзянаў Беларусі абмежаваньне свабоднага перамяшчэньня. Камітэт ААН па правах чалавека трактуе такія дзеяньні як парушэньне базавых правоў чалавека.
- Мы будзем зьвяртацца да нашых партнэраў, каб яны перадалі справу «Сытуацыя ў Беларусі» ў Міжнародны крымінальны суд. І цяперашні ўказ будзе яшчэ адным доказам зьдзяйсьненьня злачынстваў супраць чалавечнасьці.
- Праблему пашпартоў мы ўжо давялі да СМІ эўрапейскіх краінаў. Гэтая праблема тычыцца ня толькі беларусаў, бо гэта выклік для іх прававых сыстэмаў: якім чынам яны будуць забясьпечваць правы грамадзянаў Беларусі, якія сёньня стаяць пад рызыкай хай ня юрыдычнай, але фактычнай стратай грамадзянства.
- Пад час сустрэчаў і з украінскім бокам, і з польскім бокам я ініцыятыўна зьвяртаў увагу на праблему, якая цяпер ўзьнікла ў сувязі з указам.
- На нарадзе Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня, з удзелам юрыстаў і дыпляматаў будуць выпрацаваныя альгарытмы дзеяньняў.
- Датычна пашпарту новай Беларусі — наперадзе пэўная працэдура. Трэба будзе прайсьці тэхнічнае пацьверджаньне, а затым пачнецца новы этап — прызнаньне пашпарту. І гэта ўжо залежыць ад нацыянальных урадаў.
- Папярэдне мы маем станоўчы водгук наконт пашпарту ад урадаў дзьвюх краінаў — сябры ЭЗ і ня сябры ЭЗ.
- Што да тэмы дачыненьняў Захаду з Лукашэнкам — тэхнічны дыялёг існуе, бо ёсьць пасольствы Лукашэнкі за мяжой. Лукашэнка будзе шукаць камунікацыяў з ЭЗ. Але нам трэба сёньня пераканаць партнэраў, каб яны паставілі пытаньне вызваленьня палітвязьняў. Гэтая тэма павінна быць у патэнцыйным пакеце, калі Лукашэнка сапраўды хоча камунікацыі.
- Сытуацыя з «Вагнэрам» у Беларусі няясная — ёсьць нават інфармацыя, што яны ўвойдуць у склад Узброеных сілаў РБ.
- Па нашых зьвестках, цяпер у Лукашэнкі няма рэгулярнай камунікацыі з Пуціным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашпарт за мяжой зрабіць нельга, пажаніцца можна. Але ёсьць нюанс. Разьбіраем новы ўказ Лукашэнкі па пунктах