Тэлеканал CNN азнаёміўся з урыўкам біяграфіі ўладальніка Tesla, SpaceX і Twitter (цяпер X) Ілана Маска, напісанай амэрыканскім журналістам і пісьменьнікам Уолтарам Айзэксанам. З кнігі вынікае, што ў 2022 годзе Маск таемна загадаў сваім інжынэрам адключыць сетку спадарожнікавай сувязі Starlink паблізу ўзьбярэжжа Крыму, каб сарваць напад Украіны на расейскі вайскова-марскі флёт у Севастопалі з дапамогай надводных дронаў.
Айзэксан піша ў сваёй кнізе, якая афіцыйна паступіць у продаж 12 верасьня, што рашэньне Маска было выклікана страхам перад адказам Расеі. Кіраўнік SpaceX нібыта меў зносіны з расейскімі чыноўнікамі і быў упэўнены пасьля гэтых размоваў, што Расея ў падобнай сытуацыі можа прымяніць ядзерную зброю.
У жніўні The New Yorker са спасылкай на крыніцы ў Пэнтагоне пісаў, што Маск рэгулярна кансультаваўся з Пуціным пра вайну ва Ўкраіне, у тым ліку пра выкарыстаньне Starlink. Сам бізнэсовец пацьвярджаў толькі адну размову з Пуціным.
30 ліпеня 2023 г. стала вядома, што Міністэрства абароны ЗША купіць у кампаніі Маска 400–500 тэрміналаў Starlink, пасьля чаго ведамства само зможа вызначаць, дзе і як яны могуць выкарыстоўвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз закідае Ілану Маску спрыяньне расейскай прапагандзе