У Дэпартамэнце міграцыі пры МУС Літвы яго кіраўніца Эвеліна Гудзінскайце паведаміла «Белсату», што, каб атрымаць пашпарт ншаземца, неабходна патлумачыць, чаму грамадзянін ня можа аформіць пашпарт у Беларусі.
«Мы ведаем, што цяпер беларусы мусяць вяртацца ў Беларусь, каб прадоўжыць дакумэнты. Аднак бальшыня беларусаў, якія тут жывуць і працуюць, маюць магчымасьць вярнуцца, і яны гэта вельмі часта робяць», — адзначыла Гудзінскайце.
Тым, хто ня мае магчымасьці паехаць у Беларусь па новы пашпарт, Літва выдае адмысловыя пашпарты для падарожжаў.
«Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія асьцерагаюцца перасьледу і ня могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб’ектыўных прычынаў беларус ня можа вярнуцца на радзіму, мы выдаём пашпарт іншаземца», — сказала кіраўніца Дэпартамэнту міграцыі.
Яна нагадала, што пашпарт іншаземца могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ДНЖ.
«Мы ў Літве маем усе працэдуры, і мы гатовыя да тых выпадкаў, як цяпер, калі людзям спатрэбяцца пашпарты для падарожжаў і яны ня могуць атрымаць беларускі пашпарт, у іх будзе магчымасьць аформіць пашпарт замежніка ў Літве», — падсумавала Эвеліна Гудзінскайце.