Літва рыхтуецца да магчымай аварыі на БелАЭС

БелАЭС

Міністэрства ўнутраных спраў Літвы плянуе правесьці ўвосень шматфункцыянальныя вучэньні «ў рамках падрыхтоўкі да магчымай аварыі на БелАЭС», паведаміла кіраўніца ведамства Агне Білатайце.

Паводле яе, будзе перагледжаны плян падрыхтоўкі да «магчымай радыёлягічнай або ядзернай аварыі на АЭС у Астраўцы [Гарадзенская вобласьць], а таксама мяркуецца ўвесьці «у эксплюатацыю сыстэму апавяшчэньня насельніцтва».

Міністарка падкрэсьліла, што «асьвета насельніцтва» і «гатоўнасьць да надзвычайных сытуацый» застануцца «аднымі з галоўных прыярытэтаў».

Летась на ліквідацыю пагроз ад патэнцыйна небясьпечнай АЭС у Беларусі ўрад Літвы выдзеліў 17,75 млн эўра, сёлета – 36,1 млн. Усяго, паводле ацэнак літоўскага боку, на падрыхтоўку да магчымай аварыі на БелАЭС на працягу пяці гадоў неабходна 91,5 млн эўра.

Вільня пасьлядоўна крытыкуе будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі, заяўляючы пра непразрысты выбар месца, нявырашаныя праблемы бясьпекі. Літоўскія палітыкі неаднаразова называлі БелАЭС «геапалітычнай зброяй».

  • Першы энэргаблёк БелАЭС сілкуе энэргасыстэму з 3 лістапада 2020, яго камэрцыйная эксплюатацыя пачалася ў чэрвені 2021. У чацьвёртым квартале 2023 чакаецца чарговы плянава-папераджальны рамонт блёка. Летась такі рамонт праводзіўся 198 дзён, хаця яго плянавалася завяршыць за 80.
  • Другі блёк знаходзіцца на этапе досьледна-прамысловай эксплюатацыі, выдае электраэнэргію ў сетку з 13 траўня. 8 верасьня Дэпартамэнт па ядзернай і радыяцыйнай бясьпецы МНС (Дзяржатамнагляд) правядзе грамадзкія слуханьні ў пытаньні выдачы ліцэнзіі на прамысловае выкарыстаньне блёка. На працягу гэтага месяца пройдуць фінальныя выпрабаваньні, потым камісія павінна зацьвердзіць акт аб прыёме аб'екта ў эксплуатацыю. Пасьля гэтага будаўніцтва АЭС будзе лічыцца завершаным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Росатом» заяўляе, што гатовы дапамагчы Беларусі з будаўніцтвам другой АЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства энэргетыкі апраўдалася за «масавыя дэфэкты» на БелАЭС
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Астравецкай АЭС стварылі батальён спэцыяльнага прызначэньня