Менавіта на гэтай канфэрэнцыі летась адбыўся скандал з удзелам у ёй Юрыя Васкрасенскага. Сёлета праўладных актывістаў ці прапагандыстаў у Карпачы няма. Удзел у канфэрэнцыі бяруць больш за дзесяць беларускіх дэмакратычных палітыкаў, а таксама экспэрты. У першы ж дзень разам з замежнымі гасьцямі яны ўдзельнічалі ў дыскусіі «Заходні сьвет адносна Беларусі. Што пайшло ня так?».
У ёй бралі ўдзел дэпутат Сэйму Польшчы Цэзары Грабарчык, старшыня косаўскага Інстытуту свабоды і справядлівасьці Сэнтон Качаніку, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Павал Латушка, выканаўчы дырэктар украінскага Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда і дэпутат францускага парлямэнту Фрэдэрык Пэці. Мадэраваў сустрэчу былы беларускі дыплямат і кіраўнік Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі Ўладзімер Астапенка.
Ніжэй мы прыводзім асноўныя думкі з выступаў.
«Беларусі не хапіла часу», — Цэзары Грабарчык, дэпутат Сэйму Польшчы
«Пасьля пераменаў у 1989 годзе ва Ўсходняй Эўропе пачаліся перамены і рэформы. Беларусь адкрыла свае транзытныя шляхі. Ажно 80% транзыту тавараў з Заходняй Эўропы на Ўсход ішло празь Беларусь. Але Беларусі не хапіла часу. Да ўлады прыйшоў Лукашэнка і пачаў палітыку тэрору. Я лічу, што пераломным пунктам стала далучэньне Польшчы да NATO. Пасьля гэтага пачала мяняцца расейская палітыка, і на гэтай хвалі да ўлады прыйшоў Пуцін. З таго часу палітыка Расеі пазбаўляе Беларусь і беларусаў ілюзій, што ў іх будзе сапраўдная незалежнасьць. 2020 год стаў пераломным. Зьмена мэнтальнасьці беларусаў і абуджэньне даюць аптымізм. Але сёньня будучыня Беларусі ў многім залежыць ад посьпеху Ўкраіны ў вайне з Расеяй».
«Захад пагадзіўся на тое, што Беларусь — гэта зона ўплыву Расеі», — Павал Латушка, намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Беларусі
«Праблема пачалася з таго, што Захад пагадзіўся на тое, што Беларусь — гэта частка зоны ўплыву Расеі. А ніякіх зонаў уплыву быць не павінна. На жаль, сёньня толькі Расея мае стратэгію адносна Беларусі. Расея праводзіць гібрыдную акупацыю Беларусі і выдае на яе мільярды. Захад сёньня можа нам дапамагчы. Патрэбна ўмацоўваць незалежныя СМІ, каб ствараць альтэрнатыву расейскай прапагандзе. «Русский мир» — наш агульны вораг. Неабходна падтрымка культуры, каб узмацняць беларускую ідэнтычнасьць. Нельга дазваляць рэжыму абыходзіць санкцыі, неабходна гарманізаваць санкцыі. Я падтрымліваю гандлёвае эмбарга пры ўмове, што будзе захаваная свабода перамяшчэньня беларусаў. І важна таксама прызнаць Аб’яднаны пераходны кабінэт у якасьці пераходнага ўраду Беларусі. І, як некалі сказаў былы міністар замежных справаў Эстоніі: «Самая вялікая санкцыя супраць Расеі — гэта ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі».
«Шэрая зона заўсёды спрыяе імпэрыялізму», — Фрыдэрык Пэці, дэпутат францускага парлямэнту
«У заходніх грамадзтвах не хапае ведаў пра рэгіён Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Людзі ў Францыі і Нямеччыне нічога ня ведаюць, напрыклад, пра Рэч Паспалітую Абодвух Народаў. Гэта ж быў той самы Эўразьвяз, па сутнасьці. На Захадзе людзі ня ведаюць гісторыі гэтага рэгіёну і нюансаў. Гэта можна пабачыць на прыкладзе Шагала, якога французы лічаць расейскім мастаком. Нават эліты мала што разумеюць. Былы прэзыдэнт Францыі Сарказі напісаў кнігу — і што мы ў ёй бачым? Ён успрымае СССР як Расею, а ў выніку і постсавецкую прастору. Людзі, на жаль, не адрозьніваюць Расею і былыя краіны СССР. Тут сёньня згадвалі Беларусь у кантэксьце шэрай зоны. Шэрая зона заўсёды спрыяе імпэрыялізму і каляніялізму. Мы гэта бачым на прыкладзе Данбасу. Але я веру, што Беларусь — гэта не праблема, а частка доўгатэрміновага рашэньня».
«Час мабілізаваць партызанскі супраціў, накіраваны на зьвяржэньне дыктатуры Лукашэнкі», — Сэнтон Качаніку, старшыня Інстытуту свабоды і справядлівасьці
«Занадта часта гэтыя памкненьні да пераменаў зводзяцца да сустрэч у офісах у Брусэлі або да абмежаванага фінансаваньня пэўных некамэрцыйных арганізацый. Але гэта ня ўстойлівыя рашэньні. Яны ператварылі хвалю дэмакратычнага прагрэсу ў адліў няўпэўненасьці, недаверу і расчараваньня.
Сапраўдная ўстойлівая падтрымка азначае шматбаковы падыход, даваньне рэсурсаў, навучаньня і падтрымкі, неабходных для забесьпячэньня працяглых зьмен. Гэта ўключае ў сябе спэцыяльныя апэрацыі, выведную падтрымку, вайсковую падрыхтоўку і, так, павелічэньне фінансаваньня. Такім чынам, час мабілізаваць партызанскі супраціў, накіраваны на зьвяржэньне дыктатуры Лукашэнкі. Мы ня можам чакаць, што партызаны ўпадуць зь неба. Нашыя выведкі павінны мабілізавацца і актывізавацца.
Трэба натхняцца роляй заходніх спэцслужбаў у падтрымцы, навучаньні і арганізацыі сэрбскага руху Otpor, падобны падыход неабходны для моладзі Беларусі.
Унікальнае геаграфічнае становішча Польшчы ставіць яе на пярэдні край гэтай барацьбы за свабоду. Прыклад для перайманьня — Альбанія. Яна спрыяла Арміі вызваленьня Косава, даючы сваю тэрыторыю для арганізацыі, навучаньня і ўзбраеньня. У тым жа духу Польшча павінна ўзяць на сябе гэтую адказнасьць».
«Жыве Беларусь» — гэта адзін з ключавых прынцыпаў новай эўрапейскай бясьпекі, — Яўген Магда, выканаўчы дырэктар украінскага Інстытуту сусьветнай палітыкі
«Словы „Жыве Беларусь“ — гэта ня проста лёзунг, гэта адзін з ключавых прынцыпаў новай эўрапейскай бясьпекі. Без дэмакратычнай Беларусі ня можа быць бясьпечнай Эўропы. Мы, украінцы, пераканаліся ў гэтым 24 лютага 2022 году. На жаль, палітыка Захаду адносна Беларусі адлюстроўвае стаўленьне да постсавецкай прасторы. Таму, на маю думку, Беларусь можа быць пасьпяховай толькі ў межах Балтыйска-Чарнаморскай супольнасьці. Калі мы супольна будзем будаваць новую рэальнасьць, будаваць рэгіён без імпэрый. Магчыма, краіны рэгіёну прыдумаюць новую канструкцыю. Мы ўпэўненыя, што апошняя імпэрыя сьвету зьнікне, Расею разьбяруць на запчасткі для новых дзяржаваў. А Лукашэнка панясе адказнасьць за суагрэсію, але не беларусы, яны гэтага не заслугоўваюць. Сёньня Беларусь і некаторыя іншыя краіны рэгіёну завяршаюць працэс фармаваньня палітычнай нацыі. Калі ён завершыцца, то Эўропа стане сапраўдным кантынэнтам нацый, адбудзецца пашырэньне Эўразьвязу, а можа і пабудова новай мадэлі кантынэнтальнай бясьпекі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступны ўкраінскі амбасадар будзе ўручаць даверчыя граматы ўжо новаму прэзыдэнту Беларусі, — палітоляг Магда- Эканамічны форум у Карпачы, які праходзіць з 1992 году, штогод становіцца месцам сустрэчы прадстаўнікоў сьвету палітыкі, бізнэсу і навукі. Сёлета ў мерапрыемстве возьмуць удзел больш за 5 тысяч гасьцей. Сярод іх прэзыдэнты, прэм’ер-міністры, кіраўнікі сусьветных карпарацый, экспэрты, навукоўцы і дзеячы мастацтва. Падчас форуму адбудзецца 470 дыскусійных панэляў. Больш як у дзесяці зь іх бяруць удзел беларусы.