Delfi атрымаў копію гэтага дакумэнта, пытаньні ў якім тычацца ня толькі месца працы, бізнэс-сувязяў, службы ў войску або сувязяў са спэцслужбамі, але і геапалітыкі.
Калі чалавек адмаўляецца запоўніць апытальнік або не адказвае на ўсе пытаньні, ягоная заяўка на атрыманьне візы або віду на жыхарства не прымаецца. Калі чалавек падаў недакладную ці няпоўную інфармацыю, яму могуць адмовіць у відзе на жыхарства і візе.
- У апытальніку спачатку просяць прадставіць інфармацыю пра сабе: імя, прозьвішча, грамадзянства, дату нараджэньня, адукацыю і спэцыяльнасьць, просяць пералічыць усе месцы працы. Таксама пытаюцца, ці служыў чалавек у войску, просяць падрабязна расказаць пра гэты пэрыяд — дзе, калі, у якіх войсках, у якой частцы, якое званьне атрымаў.
- У чалавека пытаюцца ці ёсьць і ці былі ў яго кантакты з праваахоўнымі, вайсковымі структурамі не ў краінах ЭЗ і NATO, асобамі, якія там працуюць, просяць расказаць пра гэтых людзей. Іншаземцы павінны адказаць на пытаньне аб судзімасьці, калі яна была — дзе і калі адбываў пакараньне, за што быў асуджаны. Ёсьць пытаньне і пра бізнэс-сувязі з краінамі, якія не ўваходзяць у склад ЭЗ і NATO: кампаніямі са сфэры ваеннай прамысловасьці, установамі і арганізацыямі (уключаючы сфэру тавараў падвойнага прызначэньня); аб’ектамі стратэгічнага значэньня; сэктарам улады і кіраваньня; правааховай і выведкай.
- Цікавяцца і тым, ці ёсьць у чалавека доступ да сакрэтных дадзеных, сувязі з выведкай. Пытаюцца ці ёсьць альбо ці быў дазвол на працу з сакрэтнымі дадзенымі, а калі так, дык у якім ведамстве, установе.
- Таксама пытаюцца, ці працаваў, даваў інфармацыю, альбо выконваў заданьні выведкі і спэцслужбаў (за выключэньнем літоўскіх), і калі так, просяць расказаць пра гэта больш падрабязна.
- Апошнія пытаньні тычацца стаўленьня да вайны ва Ўкраіне: пытаюцца ці ўхваляе чалавек ваенныя дзеяньні Расеі на тэрыторыі Ўкраіны (варыянты — так ці не), пытаюцца каму на законных падставах належыць Крым — Расеі ці Ўкраіне. У канцы апытальніка рэспандэнт ставіць свой подпіс, пацьвярджаючы, што ён падаў поўную і дакладную інфармацыю.
- Грамадзяне Расеі і Беларусі павінны запаўняць такі апытальнік з канца 2022 года, калі міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце зьмяніла дзеючыя нарматывы.
Кіраўнік Дэпартамэнта міграцыі Эвеліна Гудзінскайтэ раней сказала, што апытальнік дзейнічае як дадатковы фільтар, які дазволіць апэратыўна выявіць замежнікаў, што ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Літвы.
Гэты апытальнік можа давацца і грамадзянам іншых краінаў. Са студзеня па ліпень 2023 г. від на жыхарства ў Літве атрымалі 19 477 беларусаў і 2384 расейцаў. Ад таго часу, як расейцы і беларусы пачалі запаўняць гэты апытальнік, пагрозай нацбясьпекі Літвы прызналі 1164 грамадзян гэтых краінаў, паведамляе Delfi. Усім ім забаронены ўезд у Літву