«Можа выклікаць зайздрасьць у іншых вязьняў» – католіку Дзянісу Івашыну ў калёніі не аддалі ружанцы

Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Сям'я журналіста, палітвязьня Дзяніса Івашына двойчы перадавала яму ружанцы. Але адміністрацыя горадзенскай калёніі не аддавала іх Дзянісу.

На пытаньне «чаму?» турэмны псыхоляг адказаў, што малітоўная рэч падобная да ружанца «зэкаў» і гэта можа выклікаць зайздрасьць у іншых вязьняў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысьціянская візія».

У выніку адзін з ружанцаў вярнулі сямʼі, а другі зьнік.

«Хрысьціянская візія» вядзе маніторынг выпадкаў, калі зьняволеным адмаўляюць у праве на выказваньне сваіх рэлігійных пачуцьцяў. Пераважна гэта тычыцца нацельных крыжыкаў, якія забіраюць у вязьняў, і рэлігійнай літаратуры, якую адсылаюць назад.

Хто такі Дзяніс Івашын

  • Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
  • Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
  • Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
  • Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
  • Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
  • Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
  • Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
  • У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
  • Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
  • У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.