Пазбаўленьне беларусаў права падаўжаць дзеяньне пашпарта ў беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтвах створыць праблемы для краінаў Эўразьвязу. Такую думку выказаў 5 верасьня ў сваім тэлеграм-канале намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэта (АПК), кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ) Павал Латушка.
«Сотні тысяч беларусаў у Эўрапейскім Зьвязе без пасьведчаньняў асобы — гэта стане праблемай для органаў улады і службаў ЭЗ, а таксама краін-чальцоў ЭЗ, паліцыі, чыноўнікаў, банкаў і многіх іншых», — зазначыў ён.
Паводле яго, няма «простых рашэньняў», якія дапамаглі б у гэтай сытуацыі «пазьбегнуць або зьменшыць» наступствы дзеяньняў Лукашэнкі.
«Ня так часта ў сьвеце за апошнія 50 гадоў „урад“ краіны на нашым кантынэнце пачынае юрыдычна, а таксама фізычна зьнішчаць і рабаваць вялікую колькасьць сваіх грамадзян. Выгнаць з краіны і адабраць усе магчымыя правы грамадзяніна не падобна да дзеяньняў дзяржавы, якая клапоціцца пра сваіх грамадзян», — напісаў Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прамое парушэньне Венскай канвэнцыі». Што экспэрты кажуць пра забарону выдаваць беларусам пашпарты ў консульствахЁн лічыць задачай дэмакратычных сіл «прыкласьці максымум намаганьняў, каб у беларусаў была магчымасьць атрымаць „пашпарт новай Беларусі“, які „ня проста спросьціць жыцьцё“ палітычным эмігрантам», але і «стане альтэрнатывай дакумэнтам рэжыму».
- Указ № 278 ад 4 верасьня пазбаўляе замежныя ўстановы Беларусі магчымасьці працягваць дзеяньне пашпарта беларускага грамадзяніна. Выдаваць і абменьваць пашпарт грамадзяніну, які аформіў выезд для пастаяннага пражываньня за мяжой, зараз павінна Міністэрства замежных спраў. Пункты, згодна зь якімі гэта можна было зрабіць у замежных установах Беларусі, выключаныя.
- Супрацоўнікі амбасадаў Беларусі пакуль указ не камэнтуюць, бо «чакаюць інструкцый зь міністэрства».
- Пры гэтым захавана магчымасьць падаваць у замежныя ўстановы дакумэнты для афармленьня пастаяннага пражываньня за межамі Беларусі.