Полк Каліноўскага, які ваюе на баку Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі, цалкам спыніў набор рэкрутаў ва ўсе свае падразьдзелы.
Пра гэта паведамілі на афіцыйным тэлеграм-канале палку.
На просьбу Свабоды пракамэнтаваць гэтае паведамленьне ў прэсавай службе заявілі, што ніякай дадатковай інфармацыі ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі беларускіх добраахвотнікаў ваюе ва Ўкраіне і дзе. Абноўлены гайд па ўсіх фармаваньняхПолк імя Кастуся Каліноўскага — найбольшае ўтварэньне беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Паводле інфармацыі Свабоды, у ім каля 300 чалавек. Паўстаў 9 сакавіка 2022 году як батальён. Аснову склалі беларусы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў 2014–2016 гадах. Першапачаткова ўтвараўся на базе батальёну «Азоў», потым перайшоў у падпарадкаваньне Галоўнай управы разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны. Пры гэтым полк мае даволі вялікую аўтаномнасьць у прыняцьці рашэньняў. На дадзены момант полк Каліноўскага складаецца з батальёнаў «Волат», «Літвін», а таксама падразьдзяленьня БПЛА імя Мікіты Крыўцова і мэдычнай роты.
Фармальны камандзір палку Каліноўскага — Дзяніс «Кіт» Прохараў. Гэта 27-гадовы ўраджэнец Менску. Раней быў інструктарам у «Азове». «Кіта» рэгулярна крытыкуюць як дзейныя, так і былыя байцы ПКК. Найперш праз тое, што ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях.
Намесьнік камандзіра палку, а таксама галоўны мэдыйны твар — Вадзім Кабанчук з пазыўным «Ігар». Кабанчук даўно вядомы ў дэмакратычным руху, ён прайшоў праз арганізацыю «Край». Тым ня менш самымі значнымі асобамі ў штабе палку крыніцы Свабоды называюць былога маладафронтаўца Міколу Дземідзенку і Арцёма Войніча з пазыўным «Ваніш».