Урад Беларусі пераразьмеркаваў фінансаваньне, прадугледжанае дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмай на 2023 год на рэканструкцыю вайсковых частак унутраных войскаў Беларусі.
Як адзначаецца ў апублікаванай пастанове ўраду ад 2 верасьня, Міністэрства фінансаў Беларусі мусіць дадаткова выдзеліць па 200 тысяч рублёў на рэканструкцыю дзьвюх вайсковых частак — 5529-й і 3214-й, якія знаходзяцца ў Менску.
Раней гэтыя сродкі былі прызначаныя для рэканструкцыі вайсковага гарадка навучальнага цэнтру «Валоўшчына» і будаўніцтва казармы на тэрыторыі вайсковай часткі № 5448, якая таксама дысьлякуецца ў Менску.
Што вядома пра гэтыя вайсковыя часткі
Вайсковая частка 5529 — створаны па ініцыятыве міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова ў сьнежні 2022 годзе атрад спэцыяльнага прызначэньня «Рысь». Яго асноўныя задачы — барацьба зь незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі і дывэрсійнымі выведнымі групамі.
«Ідэю фармаваньня асобнага падразьдзелу спэцыяльнага прызначэньня ў сыстэме МУС падказаў час і абстаноўка вакол нашай краіны», — казаў у сьнежні 2022 году Іван Кубракоў.
Паводле яго, такія ідэя зьявілася па выніках аналізу студзеньскіх падзей у Казахстане, падзей у Беларусі ў 2020 годзе і «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне.
Гэты атрад, паводле міністра, прызначаны для выкананьня баявых задач супольна з спэцбрыгадай «Алмаз», спэцыяльным атрадам хуткага рэагаваньня (СОБР) і АМАПам у выпадку «спробы экстрэмісцкіх фарміраваньняў узьдзейнічаць на дзейную ўладу сілавым шляхам».
Вайсковая частка 3214, якая дысьлякуецца ва Ўруччы, — гэта 3-я асобная Чырвонасьцяжная брыгада спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі. Яе вайскоўцы ўдзельнічалі ў разгоне пратэстаў у 2020 годзе. Атрад «Рысь» дзейнічае ў складзе гэтай брыгады.
Раней паведамлялася, што найміты расейскай прыватнай кампаніі «Вагнэр» інструктуюць і навучаюць менавіта гэтыя спэцпадразьдзелы ўнутраных войскаў Беларусі.