Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін ня лічыць парушэньне мяжы польскім верталётам правакацыяй. Ён зьвязвае інцыдэнт з памылкай лётчыкаў, паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС.
Паводле Хрэніна, беларускі бок ня будзе ўзмацняць вайсковую прысутнасьць на мяжы.
«Гэта нізкая падрыхтоўка лётчыкаў. У нас захоўваецца ўзаемадзеяньне [з польскім бокам] у рамках забесьпячэньня палётаў. Мы бачылі гэты борт, мы ведалі, зь якой мэтай ён ляціць — патруляваньне дзяржаўнай мяжы, адсочвалі цалкам яго палёт <...>. Мы, у адрозьненьне ад нашых агрэсіўных суседзяў, не расцэньваем гэта як правакацыю», — прыводзіць агенцтва словы Хрэніна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС запатрабавала ад Польшчы тлумачэньняў адносна вэрталёта, які нібыта заляцеў на беларускую тэрыторыю. Польскія вайскоўцы адпрэчваюцьДзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што 1 верасьня польскі вайсковы верталёт МІ-24 парушыў паветраную прастору Беларусі. Прадстаўніка польскага пасольства выклікалі ў МЗС Беларусі.
У Беларусі заявілі, што польскі вайсковы верталёт Мі-24 нібыта «на гранічна малой вышыні перасек дзяржаўную мяжу, заляцеў на глыбіню 1200 мэтраў» на тэрыторыю Беларусі, а потым вярнуўся ў Польшчу.
Афіцыйная Варшава адмаўляла факт парушэньня мяжы. Міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі назваў беларускія заявы «спробай адказаць на наш вельмі рэзкі пратэст на палітычным і дыпляматычным узроўнях у сувязі з парушэньнем нашай прасторы беларускімі верталётамі», якое адбылося 1 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы патлумачыла прычыну сваёй адмовы назіраць за вучэньнямі АДКБ у Беларусі