У Менскім раёне сілавікі затрымалі 40 мігрантаў

Нерэгулярныя мігранты на беларускай мяжы. Архіўнае фота

Групу з 40 іншаземцаў затрымалі ў Калодзішчах (Менскі раён) супрацоўнікі абласнога ўпраўленьня грамадзянства і міграцыі пры падтрымцы АМАПу, паведаміла 4 верасьня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.

Калі адбылося затрыманьне групы нерэгулярных мігрантаў — невядома, але іх ужо прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці. Прынятае таксама рашэньне аб іх прымусовым выправаджэньні зь Беларусі. Пры гэтым у МУС заявілі, што 14 чалавек ня мелі дакумэнтаў, таму іх затрымалі для высьвятленьня асобы.

Паводле інфармацыі ведамтсва, іншаземцы, ня маючы візаў, прыбылі ў краіну з Расеі наземным транспартам, далей плянавалі прайсьці ў Латвію.

«Праводзіцца праверка па ўстанаўленьні арганізатара канала незаконнай міграцыі», — гаворыцца ў паведамленьні.

  • За мінулыя суткі краіны ЭЗ не дазволілі нелегальна трапіць у Эўразьвяз 62 мігрантам з тэрыторыі Беларусі, з пачатку верасьня — 203, году — 28 972.
  • 28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі вызначылі масавы прарыў нерэгулярных мігрантаў адной з падстаў для поўнага закрыцьця мяжы ЭЗ зь Беларусьсю.
  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ пачаўся вясной 2021 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы назвалі атаку мігрантаў зь Беларусі «спэцапэрацыяй Расеі», сынхранізаванай зь іншымі яе дзеяньнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зьвярнулася да краін Усходу, каб абмежаваць нелегальную міграцыю празь Беларусь