Згодна з дакладам, у 2022 годзе ў Эўропе вырасла аўдыторыя і ўплыў у сацыяльных сетках акаўнтаў, якія падтрымліваюцца Крамлём. Сьцьвярджаецца, што яшчэ мацней ахоп і ўплыў маглі вырасьці ў пачатку 2023 году з прычыны зьмененых Маскам правілаў мэдыяплятформы, якія скарацілі мадэрацыю кантэнту.
25 жніўня ў Эўразьвязе набыў моц закон аб лічбавай бясьпецы, які абавязвае сацыяльныя сеткі ацэньваць рызыкі зьяўленьня дэзынфармацыі і не дапускаць яе распаўсюджваньня рэкамэндацыйнымі альгарытмамі. У дакладзе гаворыцца, што Twitter не адпавядаў бы гэтым правілам, калі б закон уступіў у дзеяньне раней. У дакумэнце крытыкуюцца і іншыя сацыяльныя сеткі – Instagram і Facebook, а таксама мэсэнджар Telegram.
Маск даклад не камэнтаваў. Перад пакупкай Twitter ён крытыкаваў сэрвіс за правілы мадэрацыі, якія сур'ёзна абмяжоўваюць, паводле яго ацэнкі, свабоду слова.
У чэрвені ў інтэрвію тэлеканалу France 2 ён сказаў, што сацыяльная сетка будзе выконваць патрабаваньні ЭЗ. 25 жніўня, камэнтуючы пост камісара Эўразьвязу ў пытаньнях унутранага гандлю Цьеры Брэтана, які заканчваўся словамі «бясьпечны інтэрнэт кожнаму», Маск напісаў: «Мы ўпарта працуем над гэтым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маск заявіў, што яго бой з Цукербэргам пройдзе ў Італіі ў «эпічным месцы»