У інтэрвію выданьню La Repubblica, якое ў нядзелю паказала армянская тэлевізія, прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян раскрытыкаваў расейскі міратворчы кантынгент у Нагорным Карабаху, заявіўшы, што той не выконвае сваю задачу.
Пашыньян лічыць, што залежнасьць Армэніі ў сфэры бясьпекі толькі ад адной краіны, а менавіта Расеі, была «стратэгічнай памылкай».
«Архітэктура бясьпекі Армэніі на 99,999% была зьвязаная з Расеяй, у тым ліку і ў сфэры набыцьця зброі і боепрыпасаў. Але сёньня, калі Расея сама мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах, зразумела, што нават калі б яна захацела, не змагла б забясьпечыць патрэбы Армэніі ў сфэры бясьпекі», – заявіў у прыватнасьці Пашыньян. Паводле яго, Армэнія «спажыла горкі плён» гэтай стратэгічнай памылкі і толькі цяпер спрабуе «дывэрсіфікаваць» сваю стратэгію ў сфэры бясьпекі.
Праўдападобна, Пашыньян меў на ўвазе кампанію восені 2020 году, падчас якой Азэрбайджану ўдалося вярнуць значныя тэрыторыі, якія каля 30 гадоў знаходзіліся пад кантролем армянскіх сіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пашыньян: Армэнія не саюзьніца Расеі ў вайне з УкраінайТаксама Пашыньян выказаў меркаваньне, што Расея, верагодна, сама сыходзіць з Паўднёвага Каўказу. «Па сутнасьці, Расея ўжо дастаткова даўно знаходзіцца ў нашым рэгіёне, на Паўднёвым Каўказе. Але мы бачылі сытуацыі, калі ў адзін дзень, адзін месяц ці адзін год Расея проста сышла і пакінула Паўднёвы Каўказ... ёсьць працэсы, якія, вядома, прыводзяць да такой думкі, што можа паўтарыцца той жа сцэнар, што аднойчы мы проста прачнёмся і ўбачым, што Расеі тут няма», – заявіў прэмʼер Армэніі. Ён адзначыў, што шэраг камэнтатараў у Расеі сьцьвярджае, што нейкія заходнія сілы падштурхоўваюць Ерэван да разрыву з Расеяй, але, на яго думку, «Расея сама сыходзіць з рэгіёну ў сілу тых крокаў, якія яна робіць або ня робіць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ў Ерэване заявілі, што Армэнію прымушаюць далучыцца да «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі