Reform.by: куратар былога агента КДБ, магчыма, працуе пад прыкрыцьцём у Польшчы як айцішнік

Каляж: затрыманьне, КДБ

Выданьне Reform.by публікуе гісторыю фатографа-аматара Сяргея Васільева, які ўцёк у Польшчу, потым вярнуўся ў Беларусь, дзе ў чэрвені 2021 атрымаў 11 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле вэрсіі выданьня, куратар Васільева ад КДБ цяпер укаранёны ў агентурную сетку ў Польшчы.

Сяргея Васільева ў чэрвені 2021 Гомельскі абласны суд прызнаў «вінаватым у выдачы замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі, іх прадстаўнікам дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь, наўмысна зьдзейсьненай грамадзянінам Рэспублікі Беларусь (здрада дзяржаве)». Яму прысудзілі паводле ч. 1 арт. 356 КК пазбаўленьне волі на 11 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Reform.by упершыню публікуе інфармацыю аб прысудзе, якім скончылася негалоснае, але працяглае супрацоўніцтва Васільева з УКДБ па Гомельскай вобласьці.

Справа Васільева ўскосным чынам можа праліць сьвятло і на прысуд журналістцы «Белсату» Кацярыне Андрэевай (Бахвалавай). Менавіта яна ўзяла ў 2017 годзе інтэрвію, у якім Васільеў вырашыў прызнацца ў працы на КДБ.

Васільеў уцёк у Польшчу, пазьней зь незразумелых прычынаў вярнуўся ў Беларусь, доўгі час яго не чапалі, а потым нечакана схапілі і далі 11 гадоў. Выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што Кацярыну Андрэеву зь нейкай прычыны судзілі ў Гомлі па тым жа артыкуле, па якім годам раней асудзілі Васільева ў тым жа Гомлі. Цяпер Кацярына адбывае тэрмін (8 гадоў і 3 месяцы) паводле артыкулу «здрада дзяржаве», хаця першапачаткова яе пасадзілі на 2 гады за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Аналізуючы агентурную біяграфію Васільева, відэа зь ягонымі куратарамі, выданьне прыходзіць да высновы, што адзін зь іх, Аляксей Цыганкоў, пераехаў у Польшчу зь легендай айцішніка і ўкаранёны ў агентурную сетку ў Польшчы пасьля таго, як усе сьведкі ў «справе Васільева» атрымалі вялікія тэрміны.

«У 2021 годзе Лукашэнка даручае кіраўніку КДБ узмацніць зьнешнюю разьведку. Падразьдзяленьне павінна вырашаць стратэгічныя задачы, заявіў у кастрычніку 2021 Лукашэнка. Гэты кірунак становіцца прыярытэтным для кадэбэшнікаў. Відавочна, на Захад павінны быць адпраўленыя дзясяткі агентаў пад прыкрыцьцём.

З усіх засьвечаных у справе Васільева пэрсон „праграміст“ Цыганкоў ідэальна падыходзіць на ролю агента за мяжой. У яго выдатная легенда, бо тысячы беларускіх айцішнікаў выехалі з краіны. Вольна валодае ангельскай. Гэта вельмі каштоўны кадар, з улікам новых патрабаваньняў да камітэту. Але з прычыны „засьветкі“ Цыганкоў знаходзіцца ва ўразьлівым становішчы і мае патрэбу ў абароне. Можа таму Гомельскі КДБ так старанна зачышчае сьведкаў?», — задаецца пытаньнем Reform.by.

Падрабязнасьці расьсьледаваньня можна прачытаць тут.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вельмі злая і не адступлюся». Карач зноў адхіліла абвінавачаньні ў супрацы з расейскай выведкай