Рашэньне Нобэлеўскага фонду адклікаць запрашэньне «хаўрусьнікам нелегітымнага рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі» на ўрачыстасьці ў Стакгольме ёсьць «знакам салідарнасьці і падтрымкі» беларускага народа, такое меркаваньне выказала ў «Твітары» лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская.
Яна павітала гэтае рашэньне і выказала надзею, што гэтак жа сама будзе адкліканае запрашэньне на ўрачыстасьці ў Осла. Замест асоб, зьвязаных з афіцыйным Менскам, лічыць палітык, фонду варта было б запрасіць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі.
2 верасьня Нобэлеўскі фонд абвясьціў, што ў сувязі з «вострай рэакцыяй у Швэцыі» прынятае рашэньне, як і летась, не запрашаць на цырымонію ўручэньня прэміі ў Стакгольме паслоў Беларусі, Расеі і Ірана. Разам з тым арганізацыя заявіла, што «усе паслы будуць запрошаныя на цырымонію ў Осла», дзе традыцыйна ўручаецца Нобэлеўская прэмія міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нобэлеўскі фонд адклікаў запрашэньні амбасадарам Беларусі і Расеі на ўручэньне прэміяў у Стакгольме