Начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны Валеры Равенка паведаміў у Твітэры, што прадстаўнікі Польшчы «папярэдне» адмаўляюцца прысутнічаць на вучэньнях Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) «Баявое братэрства — 2023».
Равенка заявіў, што Польшча «не запрашала беларускіх назіральнікаў на свае вучэньні «Цмок-2021» і «Анаконда-2023».
Інфармацыі з польскага боку наконт гэтага пакуль няма.
За вучэньнямі будуць назіраць прадстаўнікі Кітаю, Ірану, Саудаўскай Арабіі і Манголіі.
Аляксандар Лукашэнка 31 жніўня заявіў, што беларускі бок запрасіў і прадстаўнікоў Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачаліся вучэньні АДКБ. Што пра іх вядомаУ рамках комплексу апэратыўна-тактычных вучэньняў АДКБ «Баявое братэрства» 1–6 верасьня на тэрыторыі Беларусі пройдуць:
- манэўры «Ўзаемадзеяньне» (сумеснае ўрэгуляваньне крызіснай сытуацыі);
- «Пошук» (узаемадзеяньне выведак), «Эшалён» (дзеяньні сіл і сродкаў матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня);
- «Бар’ер» (сумесная работа фармаваньняў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны;
- і «Скала» (дзеяньні ратавальнікаў краін АДКБ пры ядзернай аварыі).
Чакаецца ўдзел 2,5 тысячы вайскоўцаў і звыш 500 адзінак вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. Будуць задзейнічаныя палігоны і ўчасткі мясцовасьці Берасьцейскай, Горадзенскай і Менскай абласьцей.
Арганізацыя Дамовы аб калектыўнай бясьпецы — вайскова-палітычны блёк. У АДКБ уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на час вучэньняў АДКБ у Беларусі ўзмацніла ахову сваёй дзяржаўнай мяжыКамандуючы Аб’яднанымі сіламі Ўкраіны Сяргей Наеў, які адказвае за паўночны апэрацыйны кірунак, заявіў, што правядзеньне на тэрыторыі Беларусі вайсковых вучэньняў Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы «Баявое братэрства — 2023» зьяўляецца аспэктам павелічэньня небясьпекі.
«Паводле вайсковай навукі мы заўсёды рэагуем на любыя зьмены ў апэратыўнай баявой абстаноўцы. [...] Для нас любыя дзеяньні з боку ворага, у тым ліку правядзеньне вучэньняў на іхнай тэрыторыі, — гэта пэўны аспэкт павелічэньня небясьпекі», — заявіў Сяргей Наеў.