Выведка Ўкраіны: Ядзерныя боегалоўкі даставілі некалькі дзён таму, «трэніроўкі з імітатарамі» засьведчылі «поўную негатоўнасьць Беларусі»

Кірыла Буданаў.

Першыя ядзерныя боегалоўкі былі дастаўленыя з Расеі ў Беларусь «літаральна некалькі дзён таму», а да гэтага на беларускай тэрыторыі праводзіліся толькі «маштабныя трэніроўкі зь ядзернымі імітатарамі», заявіў начальнік Галоўнай управы выведкі Ўкраіны Кірыла Буданаў у інтэрвію тэлеканалу «1+1».

«Я чытаў арыгіналы дакумэнтаў па выніках трэніровак. Даволі непрыгожыя для Беларусі дакумэнты», — сказаў Буданаў.

Паводле яго слоў, па выніках работы зь «ядзернымі імітатарамі» для сыстэмы «Іскандэр» расейскі бок прыйшоў да высновы аб «поўнай негатоўнасьці Беларусі да эксплюатацыі такога ўзбраеньня».

Разам з тым, дадаў кіраўнік выведкі Ўкраіны, «беларусы паказалі максымальна высокі вынік у валоданьні тэхнікай тыпу «Точка У» (расейскі тактычны ракетны комплекс. — BPN).

Разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі Буданаў назваў «вялікай геапалітычнай гульнёй».

«Гэта сродак ядзернага стрымліваньня і сродак павышэньня ставак», — зазначыў кіраўнік украінскай выведкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня будзе абнародаваць інфармацыю пра колькасьць ядзерных боепрыпасаў на тэрыторыі Беларусі
  • 13 чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласьць Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. Да інтэрвію ён сказаў прадстаўнікам дзяржаўных мэдыя, што гатовы «неадкладна і без ваганьняў» прымяніць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • 16 чэрвеня прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён неаднаразова заяўляў, што прыменіць ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.