На яе думку, нават прыхільнікі Лукашэнкі ва ўмовах такога гіпатэтычнага канфлікту не захочуць паміраць за ўладу.
У інтэрвію Свабодзе Premium яна расказала, на якім этапе будаўніцтва знаходзіцца сёньня так званы сілавы блёк нацыянальна-дэмакратычных сілаў, якога сыгналу да дзеяньняў ён чакае і чым сёньня займаюцца «Кібэрпартызаны».
«Для беларусаў, нават з боку рэжыму, адна з галоўных каштоўнасьцяў — гэта незалежная Беларусь. Так, магчыма, яны хочуць сябраваць з Расеяй, але яны ня хочуць уваходзіць у Расею. На гэтых каштоўнасьцях мы можам размаўляць з другім бокам. Перадумоваў да грамадзянскай вайны няма», — кажа Шаметавец.
Прадстаўніца «Кібэрпартызанаў» прыводзіць у прыклад пасіўнасьць большасьці людзей у Крыме і Данбасе, калі туды ўваходзілі невядомыя ўзброеныя людзі ў 2014 годзе, якія аказаліся расейцамі. Яна лічыць, што такі сцэнар, калі вайсковая моц ня будзе выкарыстоўвацца, у Беларусі таксама магчымы, але падчас вызваленьня Беларусі.
«Ніхто ня хоча праліваць кроў беларусаў. Мы павінны працаваць над тым, каб аб’яднацца. Пагроза з боку Расеі значная большая, чым тое, што мы не дамовімся з лукашыстамі, з тымі, хто не ўчыняў злачынстваў супраць беларусаў. І такіх людзей шмат нават у структурах», — дадае Шаметавец.
Выкарыстоўваць зараз сілы, якія ёсьць у нацыянальна-дэмакратычных арганізацыяў, яна лічыць заўчасным і немагчымым. Сёньня, на яе думку, неабходна дапамагаць Украіне, каб аслабленьне Расеі дало беларусам шанец да пераменаў.
«У нас сёньня ёсьць сваё войска. Ніколі ў гісторыі беларускай апазыцыі такога войска ня было. Я маю на ўвазе «каліноўцаў». Яны частка войскаў Украіны, але даволі незалежныя. У нас ёсьць «Кібэрпартызаны». Такога ня было ў гісторыі змаганьня з дыктатарскімі рэжымамі», — кажа Юльяна Шаметавец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кібэрпартызаны: Супраць расейскіх ботаў дапамагае беларуская мова