Пра гэта заявіў у інтэрвію расейскай радыёстанцыі «Говорит Москва» першы намесьнік старшыні камітэту Дзярждумы РФ у справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязяў з суайчыньнікамі Канстанцін Затулін.
Ён ня выключыў, што на шляху з Украіны да Пскова дроны маглі праляцець празь беларускую тэрыторыю, а гэта «падстава для высноваў і для Беларусі, і для Расеі».
На думку Затуліна, ад удзелу Беларусі ў «спэцапэрацыі» «моцна залежыць» яе посьпех, бо з гэтай тэрыторыі можна нанесьці «паражальны ўдар» па сталіцы Ўкраіны.
«У рэшце рэшт, Кіеў ня так далёка ад беларускай мяжы, і досьвед такога кшталту ёсьць. Зь яго трэба зрабіць выснову, і, магчыма, калі ўсялякія іншыя спосабы дасягненьня мэтаў і перамогі маюць большыя выдаткі, трэба на гэта пайсьці», — сказаў дэпутат Дзярждумы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі дэпутат Затулін заклікаў схіліць Беларусь да актыўнага ўдзелу ў вайне з Украінай«Беларусь, як бы яна ні заяўляла, што не зьбіраецца браць удзел у „спэцапэрацыі“... Усё больш падставаў для таго, каб Беларусь занепакоілася паводзінамі свайго суседа — Украіны. Больш, чым да гэтага часу», — дадаў Затулін.
У ноч на 30 жніўня вайсковы аэрадром у Пскове зазнаў масаваную атаку баявых дронаў. У выніку, паводле паведамленьняў шэрагу СМІ, былі выведзеныя з ладу чатыры вайскова-транспартныя самалёты Іл-76 Узброеных сілаў РФ.
31 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў аб пасьпяховым паражэньні цэлі «дальнабойным узбраеньнем» на адлегласьці 700 кілямэтраў.
7 чэрвеня Затулін заявіў, што Расея павінна дамагчыся больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне, што «было б карысна з улікам геаграфічнай блізкасьці».
«Калі не наўпрост, то гэтак жа, як і на першым этапе спэцыяльнай апэрацыі, Беларусь павінна даць сваю тэрыторыю для таго, каб нашыя Ўзброеныя сілы маглі з гэтай тэрыторыі апэраваць, калі такая неабходнасьць узьнікне. А яна, магчыма, узьнікне», — сказаў намесьнік старшыні думскага камітэту ў справах СНД.