Згодна з указам Лукашэнкі дзяржава будзе фінансаваць толькі 60% выдаткаў дзяржаўных тэатраў

Нацыянальны акадэмічны вялікі тэатар опэры і балету, Менск. Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка 31 жніўня падпісаў указ «Аб падтрымцы асобных дзяржаўных арганізацый культуры», у адпаведнасьці зь якім з 1 студзеня 2024 году фінансаваньне выдаткаў са сродкаў бюджэту і ўласных сродкаў тэатраў будзе ажыцьцяўляцца ў прапорцыях 60/40.

Размова ідзе аб фінансаваньні новых пастановак і правядзеньні гастроляў, а таксама аплаце камунальных паслугаў, эксплюатацыйных выдаткаў і выплаце заробкаў.

Бягучы і капітальны рамонт, набыцьцё абсталяваньня і іншых асноўных сродкаў будуць фінансавацца ў поўным аб’ёме за кошт бюджэтных сродкаў. Сродкі бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі могуць выдаткоўвацца на выплату ўзнагароджаньняў работнікам дзяржаўных арганізацыяў культуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзе файна для ўсіх!» У Варшаве зьбіраюць подпісы для стварэньня беларускага тэатру

Новая сыстэма фінансаваньня будзе дзейнічаць да канца наступнага году.

Палажэньні ўказу супярэчаць словам Лукашэнкі, які 14 лютага на нарадзе з кіраўніцтвам ураду адхіліў праект указу, які ішоў насуперак яго даручэньню — сума сродкаў, якія выдзяляюцца зь бюджэту, на падтрымку тэатраў не павінна быць большай, чым гэтыя культурныя ўстановы самі зарабляюць.

«Якія вы яшчэ грошы ў мяне просіце? 50% мы даём тэатрам датацыю, — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба. — Тым тэатрам практычна, якія ў 2020 годзе выступілі за зьнішчэньне дзяржавы?».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру. Што і дзе паглядзець

Старшыня Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў канстатаваў, што тэатры фізычна не заробяць столькі, колькі трэба на сталыя выдаткі, нават з улікам роўнай гэтаму даходу дзяржпадтрымкі.

Лукашэнка пагадзіўся, што «гэта няпроста», але заявіў, што ў сёньняшніх умовах «інакш нельга», бо «неабходна вучыцца зарабляць грошы і быць эканомнымі». Паводле яго слоў, «нельга безаглядна аплачваць тэатрам усе выдаткі».

У 2020 годзе шэраг дзеячоў культуры падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта будзе праект ХХІ стагодзьдзя». Славуты сьпявак Ільля Сільчукоў пра дэбют у La Scala і галоўную ролю ў «Дзікім паляваньні» ў Лёндане

У выніку ў тэатрах прайшлі звальненьні з палітычных матываў. Так, зь Вялікага тэатру звольнілі заслужанага дырыгента Андрэя Галанава, саліста Ільлю Сільчукова, артыстаў аркестру Рэгіну Саркісаву, Алу Джыган, Аляксандру Пацёміну і галоўнага дырыгента Вячаслава Чарнуху-Воліча.

Пазьней не працягнулі кантракт з народным артыстам Беларусі барытонам Уладзімерам Пятровым. Вымушаныя былі пакінуць тэатар мэца-сапрана Натальля Акініна і яшчэ некалькі музыкаў.

З Нацыянальнага тэатру Янкі Купалы ў жніўні 2020-га звольнілася больш за 50 чалавек, якія падтрымалі пратэсты супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсіяў. Цяпер многія зь іх — акторы трупы «Купалаўцы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купалаўцы» падрыхтавалі спэктакль паводле рамана Бахарэвіча «Плошча Перамогі». Прэм’ера пройдзе ў Варшаве