Раніцай 31 жніўня работы працягваліся яшчэ ў 223 населеных пунктах, а таксама на пяці фэрмах. У 909 населеных пунктаў электразабесьпячэньне аднавілі.
Адзначаецца, што ад моцных дажджоў і парывістага ветру найбольш пацярпелі Віцебская, Горадзенская і Менская вобласьці.
Асноўнымі прычынамі парушэньня электразабеспячэньня «Белэнэрга» назвала «навальнічныя перанапружаньні, павышаную ветравую нагрузку, падзеньне галін і дрэў, пашкоджаньне апор і абрывы правадоў ліній электраперадач».
«30 жніўня, адразу пасьля атрыманьня паведамленьняў аб парушэньнях, спэцыялісты апэратыўна пачалі аднаўленчыя работы з улікам гарантаваньня бясьпечных умоў працы для пэрсаналу, — гаворыцца ў паведамленьні. — Работы працягваліся да глыбокай ночы і працягваюцца цяпер. Былі арганізаваны апэратыўныя пераключэньні, аварыйныя абходы ліній, прыцягнута спэцыяльная тэхніка. У электрасеткавых філіялах на працоўныя месцы быў выкліканы дадаткова апэратыўны і рамонтны пэрсанал».
Да аднаўленьня электразабесьпячэньня прыцягнулі 650 чалавек і 269 адзінак тэхнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Гомельшчыне працягваецца самая маштабная паводка за апошняе дзесяцігодзьдзе. ВІДЭА з дронаПад Асіповічамі загінуў мужчына
Увечары 30 жніўня ў Асіповіцкім раёне маланка забіла мужчыну.
25-гадовы мужчына адпачываў на беразе Сьвіслачы. Вяртаючыся ў Асіповічы, ён спыніўся з прычыны моцнай непагадзі. Выйшаў з машыны, і прыкладна за 10 мэтраў ад аўтамабіля ў яго ўдарыла маланка. Ад атрыманых траўмаў мужчына памёр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У раёне Менскага мора пранёсься віхраслуп. Загінула дзяўчына