СМІ: кампанія мужа прэмʼер-міністаркі Эстоніі можа быць ускосна датычная да разгону пратэстаў у Расеі і Беларусі

Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Сілавікі падчас пратэстаў у Беларусі, 2020 год

Эстонская кампанія Stark Logistics, доля ў якой належыць мужу прэмʼер-міністаркі Эстоніі Каі Калас Арво Халіку, можа быць ускосна датычная да разгону пратэставых мітынгаў у Расеі і Беларусі, піша выданьне «Холод» са спасылкай на эстонскае мэдыя Eesti Päevaleht.

Журналісты Eesti Päevaleht вывучылі гадавую фінансавую справаздачу расейскай кампаніі «Метапринт», — дачкі аднайменнай эстонскай кампаніі, што пастаўляе розныя тавары ў Расею.

З дакумэнту вынікае, што адным з партнэраў эстонскай Metaprint была расейская кампанія «Цюменскія аэразолі». На сайце расейскага заводу ўказваецца, што прадукцыю закупляюць дзяржаўныя ваенізаваныя арганізацыі. Metaprint пастаўляла ёй кампанэнты, неабходныя для вырабу балёнаў са сьлезацечным газам. У тым ліку зь іх дапамогай у Расеі разганяюць мітынгі. А калі верыць аднаму з рэклямных лёзунгаў цюменскага заводу за 2018 год — яшчэ і ў Беларусі, заўважыў тэлеграм-канал «Сирена»: «Праваахоўнікі Расеі і Беларусі ацанілі наш сьлезацечны газ!»

Перавозкай кампанэнтаў, якія Metaprint пастаўляў «Цюменскім аэразолям», займалася Stark Logistics. Як адзначае Eesti Päevaleht, са справаздачнасьці вынікае, што з канца лютага 2022 па канец жніўня 2023 году Metaprint паставіла ў Расею тавараў агулам на амаль 30 мільёнаў эўра. Пры гэтым яна заплаціла за перавозку Stark Logistics каля паўтара мільёна эўра.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Эстоніі адмовілася сыходзіць у адстаўку праз скандал у сувязі зь бізнэсам яе мужа па перавозках у Расею
  • Нацыянальная тэлевізія Эстоніі ў сваім расьсьледаваньні высьветліла, што мужу прэмʼер-міністаркі Эстоніі Арва Халіку належыць мінарытарная доля ў Stark Logistics, якая пасьля расейскай вайны ва Ўкраіне працягвае займацца перавозкамі ў Расею. Паводле гендырэктара кампаніі, Stark Logistics атрымала ад перавозак у Расею зь лютага 2022 году больш за 1,5 млн эўра.
  • Расьсьледаваньне выклікала шырокі рэзананс у Эстоніі. Прэзыдэнт Эстоніі Алар Карыс заявіў, што Калас мусіць падрабязна адказаць на пытаньні пра кампанію свайго мужа, у якой знайшлі сувязі з Расеяй.
  • У парлямэнце Эстоніі пачалі абмяркоўваць пытаньне аб магчымай адстаўцы Калас з пасады прэмʼер-міністра. Фракцыя Цэнтрысцкай партыі пачала перамовы зь іншымі парлямэнцкімі фракцыямі аб выражэньні вотуму недаверу Калас. Кая Калас заявіла, што не зьбіраецца пакідаць пасаду прэмʼер-міністаркі Эстоніі праз скандал, зьвязаны зь бізнэсам яе мужа.
  • Пасьля гэтага муж прэмʼер-міністаркі Эстоніі Каі Калас Арва Халік абвясьціў пра намер прадаць усе свае акцыі і выйсьці са складу рады дырэктараў кампаніі Stark Logistics, якая займаецца грузаперавозкамі ў Расею.
  • У сьнежні 2022 году Калас казала, што «ня лічыць правільным» удзел эстонскіх дзяржаўных кампаній у перавозках тавараў, у прыватнасьці нікелю, з Расеі, нават калі яны не падпадаюць пад санкцыі. У траўні 2023 году ў інтэрвію Financial Times яна адзначыла, што ёй даводзілася «ўмольваць» эстонскія кампаніі не дапамагаць з «шэрымі» пастаўкамі ў Расею падсанкцыйных тавараў.