Пра гэта і пра іншае мы гаворым з гісторыкам, заснавальнікам і першым загадчыкам катэдры этналёгіі гістарычнага факультэту БДУ, былым прафэсарам ЭГУ Паўлам Церашковічам.
0:00 — калі славяне пачалі зьмешвацца з балтамі на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі
1:59 — як славяне з балтамі пачыналі жыць на тэрыторыі Беларусі ў І тысячагодзьдзі — мірна ці вайной
7:32 — ці праўда, што балцкія жанчыны часьцей выходзілі замуж за славянскіх мужчын, чым наадварот
8:32 — колькі народаў тварылі Вялікае Княства Літоўскае
10:01 — якія ідэнтычнасьці мелі насельнікі раньняга ВКЛ
10:57 — калі нарадзіўся беларускі этнас
16:37 — ці слушна сёньня называць балцкіх стваральнікаў ВКЛ літоўцамі
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Паўлам Церашковічам:
— Калі мы гаворым пра сужыцьцё розных груп насельніцтва ў даўнія часы на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, дык непазьбежна паўстае пытаньне, як яны жылі разам — мірна ці ваявалі? Чаму, напрыклад, перамагала славянская мова? Гэта вынік тэхналягічнай перавагі славян на балтамі, колькаснай, вайсковай ці нейкай іншай?
— У нас няма крыніц, якія б дазволілі казаць ці меркаваць пра гэта больш-менш дакладна. Таму трэба рабіць рэканструкцыю. Першае, што прыходзіць у галаву, гэта тое, што і продкі сучасных беларусаў, і продкі сучасных балтаў, што жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, адносіліся да адной і той жа гаспадарчай нішы — яны былі земляробамі. Гэта вельмі істотна. А магчымасьці для земляробства — гэта значыць вольныя ад лесу тэрыторыі (а гэтая зямля была таёжная, лесам было пакрыта 80, а можа і 90 адсоткаў прасторы) — існавалі галоўным чынам у далінах рэк, дзе былі ня толькі ўрадлівыя глебы, але і можна было для мігрантаў адносна хутка пачаць апрацоўваць зямлю. У гэтым сэнсе і славяне, і балты былі, безумоўна, канкурэнтамі.
З гэтага можна зрабіць выснову, што калі зьяўляліся мігранты, то гэта, хутчэй за ўсё, выклікала варожасьць.
Але да гэтага часу ніхто не паспрабаваў зрабіць рэканструкцыю, каб паглядзець, як гэта наогул магло выглядаць у рэальнасьці. Славяне не былі прыстасаваныя для перамяшчэньня ў прасторы, таму ўзьнікае пытаньне, як гэта наогул было? Бо людзі прыяжджаюць на новае месца, і найперш ім трэба забясьпечыць сабе жытло і харчаваньне. Мы ведаем, напрыклад, такія трагічныя апавяданьні, як уладкоўваліся першыя перасяленцы на тэрыторыі сёньняшніх Злучаных Штатаў Амэрыкі, у тым ліку пілігрымы. Зразумела таксама, што ў тыя часы, калі перасяляліся славяне, гэта не было лягчэй.
Першае пытаньне — дзе здабыць харчаваньне? І самы просты адказ — у кагосьці захапіць. Адсюль мы можам зрабіць выснову, што адносіны на пачатковым этапе не маглі быць мірныя. Гэта першае.
Па-другое, на карысьць таго, што збольшага адносіны былі мірныя, сьведчыць тое, што славяне пераважна засялялі вярхоўі рэк, дзе балцкае насельніцтва было нешматлікае і, хутчэй за ўсё, былі вольныя землі.
Тут можна прывесьці такую аналёгію, якая больш вядомая па гістарычных крыніцах, — гэта засяленьне немцамі тэрыторыі Брандэнбургу пасьля ХІІ стагодзьдзя, калі гэтая тэрыторыя была захопленая нямецкім князем Альбрэхтам Мядзьведзем. Вядома, што пасьля гэтага на працягу некалькіх стагодзьдзяў немцы і славяне жылі разам адносна мірна з той простай прычыны, што шчыльнасьць насельніцтва была невялікая і зямлі хапала ўсім. Працэс германізацыі славян працягваўся там вельмі доўга, некалькі стагодзьдзяў. А некаторыя групы, напрыклад сорбы (ці сорбы-лужычане) выжылі і захаваліся да нашых дзён.
Так што па гэтым прыкладзе можна рабіць высновы, як славяне расьсяляліся па тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Калісьці супрацоўнікі Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Акадэміі навук Беларусі сьцьвярджалі, што балцкія жанчыны часьцей выходзілі замуж за славянскіх жанчын, чым наадварот. Ці ня сьведчыць гэта пра славянскае заваяваньне гэтай тэрыторыі, калі мужчын-балтаў проста забівалі? Магло такое быць ці гэта наогул схалястыка?
Мне здаецца, гэта толькі гіпотэза, якая нічым не пацьвярджаецца. Працэс славянізацыі балтаў цягнуўся вельмі доўга. Польскія дасьледчыкі фіксуюць славянізацыю балтаў яшчэ ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў на паўночна-заходніх межах сучаснай тэрыторыі Беларусі.
— Ды што казаць! У нашага вядомага гісторыка літаратуры, прафэсара Адама Мальдзіса ў Астравецкім раёне бабуля зь дзядулем у хаце яшчэ размаўлялі па-літоўску, а бацькі ўжо перайшлі на беларускую мову, і ён, адпаведна, быў беларускамоўны.
Давайце зьвернемся да тэрміналёгіі. Сёньня пра Вялікае Княства Літоўскае шмат спрэчак, і часам яны даволі вострыя. Спрачаюцца пераважна ў камэнтарах да розных публікацый. І гэта ўжо трапіла нават на палітычны ўзровень, бо некаторыя палітыкі былі вымушаныя зрабіць адпаведныя заявы. Мы ведаем, што нацыянальныя ідэнтычнасьці нарадзіліся значна пазьней. Ці слушна сёньня называць балцкіх стваральнікаў ВКЛ літоўцамі?
— Ведаеце, з пункту гледжаньня, скажам так, прыватызацыі мінулага гэта цалкам апраўдана. Бо ўзьнікае пытаньне: калі яны не былі літоўцамі, то кім яны былі?
Зь іншага боку, калі вярнуцца да пытаньня, якія народы нарадзілі Вялікае Княства Літоўскае, то дзяржаве было нецікава, кім яна кіруе.
І вось такі момант. Мы прызвычаіліся, што літоўскія князі маюць літоўскія імёны — Гедзімінас, Вітаўтас і т. д. Але ў гістарычных кроніках і летапісах мы такіх імёнаў ня знойдзем. Там ёсьць Гедмін, а не Гедзімінас, ёсьць Вітаўт, а ня Вітаўтас. І ўзьнікае пытаньне, што гэта азначае?
Ці яны наогул насілі іншыя імёны? Ці дзяржаве было ўсё роўна, правільна ці няправільна кіраўнікоў дзяржавы называюць у кроніках? У любым выпадку гэта паказьнік, што дзяржава да этнічных пытаньняў ставілася абыякава.
І сюды можна дадаць яшчэ такую думку. Добра, калі кіраўнікі былі літоўцы, то чаму яны не клапаціліся пра літоўскую культуру і літоўскую мову? Не было ніякіх спробаў зрабіць гэтую мову мовай дзяржаўнай. Узьнікалі розныя варыянты, іх было некалькі — лаціна, нямецкая мова. А потым спыніліся на лякальным варыянце царкоўнаславянскай мовы, якая паступова ператварылася ў старажытнабеларускую.
Вось такім чынам адбываліся ўзаемаадносіны паміж дзяржавай, культурай і этнічнасьцю.
І калі вярнуцца да вашага пытаньня, ці можам мы іх называць літоўцамі, — так, вядома, можам, гэтыя князі былі этнічна літоўскага паходжаньня. І гэта ўсё. Бо нічога істотнага для захаваньня ідэнтычнасьці, мовы яны не рабілі з той простай прычыны, што дзяржаве гэта было нецікава. Дзяржава гэтымі пытаньнямі займаецца толькі ў эпоху мадэрну.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на папулярных падкаст-плятформах:
Your browser doesn’t support HTML5
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Чаму літоўцы баяцца беларускіх «літвінаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Расея ня зьменіцца ніколі, — Лія Грынфэльд пра расейскую і беларускую нацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гісторыя на Свабодзе». Беларускай нацыі няма, ёсьць нацыянальны рух — Павел Церашковіч
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.