Рабочая група па барацьбе з катаваньнямі Плятформы «Грамадзянская салідарнасьць», у якую ўваходзяць прадстаўнікі праваабарончых і грамадзкіх арганізацый з васьмі краін рэгіёну АБСЭ: Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Малдова, Польшча, Расея, Таджыкістан і Ўкраіна — прадставілі штогадовы Індэкс выкананьня забароны катаваньняў.
Як піша «Вясна», Беларусь у Індэксе заняла апошняе месца, набраўшы ў 2022 годзе -95 балаў, што яшчэ ніжэй на два балы, чым за папярэдні год. За 2022 год і да гэтага найбольшую колькасьць балаў у Індэксе набрала Малдова, паказаўшы максымальны ўзровень выкананьня забароны катаваньняў.
У 2022 годзе Праваабарончы цэнтар «Вясна» зафіксаваў і задакумэнтаваў 227 выпадкаў катаваньняў і жорсткага абыходжаньня ў дачыненьні да 89 жанчын і 138 мужчын.
Экспэрты адзначаюць, што сытуацыя з выкананьнем права не зазнаваць катаваньняў і забароненых відаў абыходжаньня ў Беларусі «працягвае заставацца крытычна нездавальняючай». Нягледзячы на тое, што права не зазнаваць катаваньняў і іншых відаў жорсткага, бесчалавечнага, зьневажальнага абыходжаньня гарантавана Канстытуцыяй і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі, «у 2022 годзе, як і раней, праваабаронцы працягвалі фіксаваць новыя выпадкі катаваньняў і забароненага абыходжаньня з палітычных матываў, а таксама атрымлівалі новыя сьведчаньні аб такіх выпадках, якія мелі месца ў папярэднія гады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтыя сьведчаньні павінны застацца ў гісторыі». Журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч прэзэнтаваў у Вільні кнігу пра жыцьцё за кратамі«Да канца 2022 году засталіся нерасьсьледаванымі каля 5000 выпадкаў катаваньняў і забароненага абыходжаньня ў дачыненьні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Разам з тым у дачыненьні да 51 заяўніка былі ўзбуджаныя крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах», — адзначаюць праваабаронцы.
Супрацоўнікі ізалятараў, паводле іх інфармацыі, «не хаваюць, што такія ўмовы ствараюцца на загад кіраўніцтва». «Усе спробы абскардзіць заведама злачынныя дзеяньні супрацоўнікаў сутыкаюцца з процідзеяньнем пракуратуры і вышэйстаячых органаў МУС», — паведамляюць у «Вясьне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыкі, выкладчыкі, пракуроры, судзьдзі. Партрэты афіцыйных асобаў, якія могуць мець дачыненьне да сьмерці Алеся ПушкінаЭкспэрты таксама зазначаюць, што суды ў Беларусі сталі інструмэнтамі палітычных рэпрэсій, судовая ўлада канчаткова страціла рысы самастойнасьці, што прывяло да яе поўнай дэградацыі, пры гэтым назіраецца таксама паўсюднае парушэньне права на абарону.
Індэкс забароны катаваньняў — інструмэнт ацэнкі паўнаты рэалізацыі забароны катаваньняў, распрацаваны Рабочай групай у 2020 годзе.
Індэкс лічыўся па кожнай краіне і зьмяшчаў ацэнкі
- дзяржаўнага мэханізму рэагаваньня на катаваньні,
- судовага кантролю,
- наяўнасьці нормаў у нацыянальным заканадаўстве,
- узроўню забесьпячэньня працэсуальных гарантый, якія працуюць на прэвэнцыю катаваньняў,
- мэханізмаў і сродкаў прэвэнцыі катаваньняў, якія працуюць у краіне,
- ступені прыняцьця дзяржавай міжнародных абавязаньняў у галіне забароны катаваньняў.