Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт (МАК) заявіў, што ня будзе выкарыстоўваць міжнародныя правілы пры расьсьледаваньні катастрофы ў Цьвярской вобласьці самалёта Embraer, на борце якога знаходзілася кіраўніцтва ПВК «Вагнэр».
Як паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на бразыльскія СМІ, Бразыльскі цэнтар вывучэньня і папярэджаньня авіяцыйных здарэньняў (CENIPA) і кампанія Embraer заяўлялі аб гатоўнасьці ўдзельнічаць у расьсьледаваньні прычын катастрофы самалёта Яўгенія Прыгожына, калі атрымаюць адпаведнае запрашэньне ад МАК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прыгожына пахавалі ў закрытым фармаце на могілках, дзе хавалі рабочых парахавога заводуКіраўнік CENIPA Марсела Марэна паведаміў, што МАК не абавязаны запрашаць бразыльскі бок, але, калі запрашэньне будзе, то яго прымуць. Аднак, у МАК адказалі, што ня будуць праводзіць расьсьледаваньне паводле міжнародных правілаў, бо гэты борт выконваў унутраны, а не міжнародны рэйс.
Агенцтва паведамляе, што расьсьледаваньне без бразыльскага боку можа выклікаць сумневы ў ягонай аб’ектыўнасьці, паколькі існуюць падазрэньні аб датычнасьці да катастрофы ўладаў Расеі.
Самалёт Яўгенія Прыгожына Embraer Legacy 600, зроблены бразыльскай кампаніяй Embraer, разьбіўся ўвечары 23 жніўня ў Цьвярской вобласьці. Прыгожына і яшчэ дзевяць асобаў, якія знаходзіліся на борце, 27 жніўня афіцыйна абвясьцілі загінулымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Санкт-Пецярбургу праходзяць пахаваньні кіраўніцтва ПВК «Вагнэр», якое загінула ў авіякатастрофе
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу аб парушэньні правілаў бясьпекі руху і эксплуатацыі паветранай прасторы. Аднак найбольш распаўсюджанай неафіцыйнай вэрсіяй крушэньня самалёта зьяўляецца выбух на борце.
У склад МАК уваходзяць Азэрбайджан, Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан, Туркмэністан і Ўзбэкістан.
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.