Прыгожына пахавалі ў закрытым фармаце на могілках, дзе хавалі рабочых парахавога заводу

Яўгеній Прыгожын. Архіўнае фота.

Заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, што загінуў у авіякатастрофе 23 жніўня, пахавалі на Парахаўскіх могілках Санкт-Пецярбургу. Аб гэтым паведаміла прэсавая служба бізнэсоўца.

Разьвітаньне, як сьцьвярджаецца, прайшло ў закрытым фармаце.

Раней паведамлялася, што заснавальніка ПВК могуць пахаваць на Серафімаўскіх або Паўночных могілках Санкт-Пецярбургу.

Адміністрацыя Парахаўскіх могілак паведаміла расейскаму тэлеграм-каналу MSK1, што Прыгожына пахавалі каля 16 гадзіны па маскоўскім часе.

Крыніца РИА Новости з асяродзьдзя Прыгожына расказала, што цырымонія разьвітаньня была закрытая па жаданьні родных. Акрамя іх, на пахаваньні прысутнічалі толькі бліжэйшыя сябры заснавальніка ПВК «Вагнэр».

Пахаваньне Прыгожына праходзіла ў рэжыме сакрэтнасьці. Верагодна, для таго каб адвесьці ўвагу, на Серафімаўскіх могілках Санкт-Пецярбургу арганізавалі нібыта падрыхтоўку да пахаваньня. Прылеглыя да могілак вуліцы патрулявала паліцыя, туды закрылі ўваход для наведнікаў, а каля месцаў пахаваньня пачалі мыць асфальт. Некаторыя СМІ выказалі здагадку, што там могуць пахаваць Прыгожына.

  • Парахаўскія могілкі Санкт-Пецярбургу, хоць і вельмі старажытныя, але нічым асаблівым не вылучаюцца. Іх заклалі амаль адразу пасьля заснаваньня самога гораду, у 1715 годзе, каб хаваць памерлых рабочых парахавога заводу, адкуль і назва. У асноўным у наступныя стагодзьдзі тут простых рабочых і хавалі. Таму на могілках захавалася мала старых надмагільляў, бо па бедных людзях ставілі толькі драўляныя крыжы, а не каменныя помнікі, піша «Наша Ніва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Санкт-Пецярбургу праходзяць пахаваньні кіраўніцтва ПВК «Вагнэр», якое загінула ў авіякатастрофе