У Санкт-Пецярбургу перакрылі пад’езды да Паўночных і Серафімаўскіх могілак, дзе сёньня, імаверна, праходзяць пахаваньні лідэраў ПВК «Вагнэр», якія загінулі 23 жніўня ў авіякатастрофе ў Цьвярской вобласьці.
Як паведамілі карэспандэнты праекту Радыё Свабода «Север.Реалии», заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына, паводле неафіцыйных зьвестак, пахаваюць на Серафімаўскіх могілках. Ужо ноччу 29 жніўня там зьявіліся патрульныя машыны паліцыі. Цяпер паліцыянты перакрылі падʼезд да могілак. Паліцыя таксама ачапіла бліжэйшыя вуліцы, прылеглыя да тэрыторыі могілак.
На ўваходзе ўсталявалі рамкі мэталашукальнікаў. Супрацоўнікі МУС правяраюць сумкі ў людзей, якія спрабуюць туды трапіць. Журналістаў не прапускаюць. Адзін з паліцыянтаў у гутарцы з карэспандэнтам «Север.Реалии» расказаў, што «ніякіх указаньняў, што хтосьці прыедзе», не атрымлівалі.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін ня будзе прысутнічаць на пахаваньні Яўгенія Прыгожына. Ягоны прэсавы сакратар Дзьмітрый Пяскоў таксама адзначыў, што Крэмль ня мае «канкрэтнай інфармацыі» аб пахаваньні заснавальніка ПВК «Вагнэр».
Мясцовае выданьне «Фонтанка» паведаміла, што на могілках не чуваць ні залпаў вайсковага салюту, ні аркестра. У той жа час Яўгенія Прыгожына абавязаныя пахаваць з вайсковымі ўшанаваньнямі, бо ён мае званьне Героя Расеі.
Пазьней стала вядома, што Яўгенія Прыгожына пахавалі на Парахаўскіх могілках Санкт-Пецярбургу. Аб гэтым паведаміла прэсавая служба бізнэсоўца.
Разьвітаньне, як сьцьвярджаецца, прайшло ў закрытым фармаце.
На Паўночных могілках Санкт-Пецярбургу прайшла цырымонія адпяваньня Валерыя Чакалава, які загінуў разам з Яўгеніем Прыгожыным. Карэспандэнт «Север.Реалии» паведаміў, што бачыў крыж зь імем Чакалава, які маюць паставіць на магіле.
Цэнтар «Дасье» расказваў, што Валерый Чакалаў быў адным з самых набліжаных да Прыгожына мэнэджараў кампаніі «Канкорд». Паводле зьвестак выданьня, ён таксама курыраваў усе «цывільныя» праекты Прыгожына за мяжой.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не было ніякіх гарантыяў». Імідж Лукашэнкі як «ратавальніка Расеі» абрынуўся- 23 жніўня ў Цьвярской вобласьці Расеі разьбіўся самалёт Еmbraer. Расавіяцыя паведаміла, што на борце самалёта, сярод іншых, знаходзіліся кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын і адзін з камандзіраў ПВК Дзьмітрый Уткін. Гібель дасюль афіцыйна не пацьверджаная. Агулам, паводле Расавіяцыі, на борце былі 10 чалавек, зь іх 3 — экіпаж. Камэнтароў аб прычынах падзеньня самалёта пакуль няма. Па факце яго крушэньня завялі крымінальную справу.
- Самалёт разьбіўся роўна праз 2 месяцы пасьля пачатку мяцяжу вагнэраўцаў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын абвінаваціў кіраўніцтва Мінабароны РФ і Генштабу ў некампэтэнтнасьці ў вайне ва Ўкраіне і абвясьціў паход на Маскву. Мяцеж вагнэраўцаў працягваўся крыху менш за суткі. Бліжэй да ночы 24 чэрвеня ПВК «Вагнэр» і ўлады Расеі нібыта пры пасярэдніцтве Лукашэнкі дасягнулі дамоўленасьцяў, і марш наймітаў у бок Масквы быў спынены.
- Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь. Калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Уладзімір Пуцін пасьля мяцяжу вагнэраўцаў заявіў, што «ўсе, хто сьвядома стаў на шлях здрады, хто рыхтаваў збройны мяцеж, стаў на шлях шантажу і тэрарыстычных мэтадаў, панясуць немінучае пакараньне».
Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.