У Кіеве заявілі, што Расея вывела зь Беларусі ўсе свае войскі і перакінула іх на Купянскі і Ліманскі кірункі

Камандуючы Аб'яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў. Архіўнае фота

З заявай выступіў Камандуючы Аб'яднанымі сіламі Ўзброеных сіл Украіны Сяргей Наеў.

Сяргей Наеў не выключае правакацый на мяжы падчас сумесных вучэньняў АДКБ ў Беларусі, заплянаваных на верасень.

Ён сьцьвярджае, што на гэты момант Расея вывела зь Беларусі ўсе свае войскі і перакінула іх на Купянскі і Ліманскі кірункі.

Аднак правядзеньне гэтых сумесных вучэньняў «можа быць выкарыстана як легітымізацыя нарошчваньня вайсковай прысутнасьці», таму Наеў не выключае правакацый на мяжы і дывэрсій, цытуе яго Вайсковы мэдыяцэнтар.

Аднак паколькі «Расея так і не дасягнула стратэгічных мэтаў», Наеў мяркуе, што Крэмль будзе шукаць «новыя нагоды аднаўленьня актыўных дзеяньняў з паўночнага напрамку».

Таму ён не выключае «арганізацыі правакацый і правядзеньня дывэрсій на ўкраінска-беларускай мяжы» падчас вучэньняў АДКБ «Баявое брацтва — 2023» 1–6 верасьня, якія могуць быць выкарыстаныя для «легітымізацыі нарошчваньня вайсковай прысутнасьці» Расеі ў Беларусі.

«У цяперашні час прыкмет фармаваньня варожых ударных груповак у зоне аператыўна-стратэгічнай групоўкі войскаў „Поўнач“ не выяўлена. Наяўныя войскі прыкрыцьця Ўзброеных сіл Беларусі і групоўкі прыкрыцьця дзяржаўнай мяжы са складу групы „Захад“ гатовы пераважна да вядзеньня стрымліваючых і абарончых дзеяньняў на ўласнай тэрыторыі», — зазначыў ён.

«Аднак рызыка пагрозы прымяненьня дывэрсійна-разведвальных сіл з тэрыторыі Беларусі не выключаецца, таму ўжо зараз мы прымаем меры па павышэньні нашых контрдывэрсійных і абарончых магчымасьцей», — дадаў Наеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У АДКБ расказалі, як плянавалі вайсковыя вучэньні ў Беларусі, колькі ўдзельнікаў і назіральнікаў на іх запрасілі

У ліпені Свабода з дапамогай спадарожнікавых здымкаў сэрвісу Planet Labs зафіксавала ліквідацыю трэнавальных намётавых лягераў на тэрыторыі трох асноўных беларускіх палігонаў, дзе праводзілі навучаньне расейскіх мабілізаваных. Агулам іх было каля 5 тысяч, па стане на 3 ліпеня іхныя лягеры былі зьліквідаваныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскіх мабілізаваных больш ня будуць рыхтаваць у Беларусі? Спадарожнікавыя здымкі зафіксавалі ліквідацыю лягераў на беларускіх палігонах
  • Вайсковы палігон «Обуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі

Станам на 6 чэрвеня 2023 году тут было каля 150 намётаў, у якіх маглі пражываць каля 3 тысяч чалавек. У ліпені іх ня стала.
https://www.svaboda.org/a/32490693.html

  • Вайсковы палігон «Лепельскі»

Яшчэ 2 ліпеня тут стаяла каля 75 вайсковых намётаў, у якіх маглі пражываць каля 1500 чалавек. Іх таксама разабралі.

  • Вайсковы палігон «Рэпішча» пад Асіповічамі

Амаль у нязьменным выглядзе ён прастаяў траха не 9 месяцаў. Станам на 29 чэрвеня, тут было каля 30 вайсковых намётаў, у якіх маглі пражываць каля 600 чалавек. Яго таксама зьнесьлі.

Каля 5 тысяч баевікоў ПВК «Вагнэр» былі ў лягеры ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну, але і там пачалі здымаць намёты.

Тым часам расейскія вайскоўцы прыбылі на палігон пад Берасьцем для ўдзелу ў вучэньнях АДКБ, якія пачнуцца 1 верасьня. 29 жніўня туды прыбыў новы эшалён з расейскімі вайскоўцамі, паведамілі ў Мінабароны Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь пачынаюць прыбываць вайсковыя падразьдзелы краін АДКБ для вучэньняў «Баявое братэрства-2023»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здымачкі з космасу»: Лукашэнка адрэагаваў на публікацыі Радыё Свабода пра дэмантаж лягера вагнэраўцаў