Гуманітарны калідор для тых грамадзян Беларусі, якіх тэрарызуе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, заўсёды будзе адкрыты, заявіў кіраўнік камітэту Сейму Літвы ў нацыянальнай бясьпецы і абароне (КНБА) Лаўрынас Кашчунас 28 жніўня ў эфіры Delfi.
Разам з тым ён чарговы раз паўтарыў, што выступае за ўраўноўваньне нацыянальных абмежаваньняў у адносінах да беларусаў і расейцаў. Сваю пазыцыю ён аргумэнтаваў тым, што ў Літве жыве больш за 58 тысяч грамадзян Беларусі, пры гэтым 910 зь іх былі прызнаны пагрозай нацыянальнай бясьпецы.
Паводле літоўскага дэпутата, у краіну «прыяжджае ня толькі апазыцыя, змагары за свабоду, абаронцы правоў чалавека, якіх тэрарызуе [рэжым] Лукашэнкі і якім заўсёды будзе гуманітарны калідор адкрыты», «пачынаюць прыяжджаць людзі, якія зьвязаныя з рэжымам».
«Я павінен думаць пра сваю дзяржаву, пра сваё грамадзтва. Ня толькі пра маральныя [аспэкты], маўляў, ураўняць [абмежаваньні для беларусаў і расейцаў], не зраўняць... Я разумею, ніхто раўняць вас з Расеяй ня будзе, але нам пра сябе трэба думаць, — сказаў Кашчунас. — Можа, нейкае рашэньне [неабходна прыняць], што ў выдачы візаў, працоўных [дазволаў] трэба крыху паўзу зрабіць?»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікерка Сейму Літвы спадзяецца, што дэпутаты ня будуць зраўноўваць абмежаваньні для беларусаў і расейцаўРазважаючы аб пэрспэктыве пашырэньня нацыянальных санкцый супраць беларусаў на восеньскай сэсіі парлямэнту, кіраўнік КНБА прызнаў, што «будзе няпроста».
«Адна лібэральная партыя супраць, іншая партыя таксама супраць. Чую, што і ў нашай фракцыі [кансэрватараў] таксама ўсялякае ёсьць. Ня будзе проста. Тое ж і ў камітэце — 50 на 50, я думаю», — зазначыў ён.
У красавіку літоўскі Сейм прыняў закон, які прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзян Беларусі і Расеі, зьвязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцьця нерухомасьці і інш. На этапе разгляду дакумэнт быў значна больш мяккім у дачыненьні да беларусаў, большасьць санкцый закранула расейцаў.
Прэзыдэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вэта і прапанаваў парлямэнту зраўнаваць санкцыі для беларусаў і расейцаў. Сейм адхіліў вэта і зацьвердзіў дакумэнт без прапановаў кіраўніка дзяржавы.
Пасьля прыбыцьця ў Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр» Наўседа і некаторыя іншыя палітыкі заклікалі восеньню вярнуцца да пытаньня аб сынхранізацыі нацыянальных абмежаваньняў супраць беларусаў і расейцаў.
Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала літоўскія ўлады не ісьці на гэты крок. За падзел санкцый у дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі адкрыта выступіла сьпікер парлямэнту Літвы Вікторыя Чміліце-Нільсэн.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра мяжу, Карач, «літвінізм», Пазьняка і Вільню — меркаваньне літоўскага палітоляга Максімаса Мілты ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар эканомікі Літвы: Узмацненьне жорсткасьці абмежаваньняў можа нэгатыўна адбіцца на рэлякаваным беларускім бізнэсе